Святы Айцец прыняў адстаўку кардынала Бэртонэ і прызначыў новага Дзяржаўнага Сакратара |
| Друк | |
Святы Айцец
|
31.08.2013 13:30 |
31 жніўня Святы Айцец Францішак прыняў адстаўку кардынала Тарчызіё Бэртонэ з пасады Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці. Пантыфік папрасіў іерарха застацца на гэтай пасадзе да 15 кастрычніка і адначасова прызначыў новага Дзяржаўнага Сакратара, якім стаў арцыбіскуп Пьетро Паралін, да гэтага часу Апостальскі Нунцый у Венесуэле.
Новы Дзяржаўны Сакратар пачне выконваць свае абавязкі з 15 кастрычніка.
Аб новым прызначэнні Папа паведаміў вышэйшым кіраўнікам і супрацоўнікам Дзяржсакратарыята падчас аўдыенцыі ў Доме св. Марты. Пантыфік падзякаваў кардыналу Бэртонэ за верную і шчодрую службу на карысць Святога Пасаду і ў якасці свайго асабістага прадстаўніка.
Новапрызначаны Дзяржаўны Сакратар нарадзіўся ў 1955 г. у Скьявоне на поўначы Італіі. Атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1980 г., працягваў вучобу ў галінах кананічнага права і дыпламатыі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце. З 1986 г. знаходзіўся на дыпламатычнай службе Святога Пасаду. У 2002 г. прызначаны намеснікам Сакратара па адносінах з дзяржавамі Дзяржсакратарыятa Апостальскай Сталіцы, адным з бліжэйшых супрацоўнікаў кардынала Тарчызіё Бэртонэ. У верасні 2009 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў яго Апостальскім Нунцыем у Венесуэле і ўдзяліў яму біскупскую сакру.
Кардынал Бэртонэ прадставіў Святому Айцу просьбу аб адстаўцы з пасады Дзяржаўнагa Сакратара ва ўзросце 79 гадоў, як і яго папярэднік на гэтай пасадзе кардынал Анджэло Садано. Кардынал узначальваў Дзяржсакратарыят з 2006 г. Паводле Ватыканскага радыё
(AG)
|