Праграма візіту Папы ў Асізі: месцы, звязаныя з жыццём святога Францішка | Друк |
Святы Айцец
03.09.2013 11:57

4 кастрычніка Папа наведае Асізі — радзіму св. Францішка, дзе пабывае ў святынях і месцах, звязаных з жыццём святога апекуна яго Пантыфікату. Першым пунктам падарожжа стане дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр «Інстытут Серафіко».

Там Святы Айцец сустрэнецца з прадстаўнікамі мясцовых касцёльных і грамадзянскіх уладаў. Затым Папа пешшу накіруецца ў касцёл гэтай установы, дзе паразмаўляе з хворымі дзецьмі і дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі, якія праходзяць там лячэнне.

Пасля Пантыфік прыбудзе ў санктуарый св. Даміяна, які знаходзіцца на ўскраіне горада і вядомы тым, што менавіта ў ім св. Францішак пачуў голас Езуса: «Ідзі і адбудуй дом Мой». Памаліўшыся там, Папа наведае сядзібу мясцовага біскупа, дзе сустрэнецца з беднымі. Менавіта на гэтым месцы ў 1206 г. св. Францішак зняў з сябе вопратку на знак поўнай адданасці Богу і бедным. Затым Пантыфік пройдзе ў асізскі касцёл Санта Марыя Маджорэ, дзе прабудзе некаторы час прыватна.

Каля 10.20 Папа прыбудзе ў галоўную святыню горада – базыліку св. Францішка, дзе памоліцца каля магілы асізскага бедняка. Пасля на плошчы перад базылікай, адбудзецца Эўхарыстыя. Затым Святы Айцец накіруецца ў мясцовы цэнтр «Caritas», дзе паабедае з беднымі.

У праграму візіту Пантыфіка ўключана таксама месца, звязанае з жыццём св. Францішка, але якое знаходзіцца ў пэўнай аддаленасці ад Асізі: гэта «Eremo delle Carceri» – санктуарый на вышыні 800 м над узроўнем мора, на схіле гары Субазіо. Сюды св. Францішак хадзіў разам са сваімі братамі, каб пабыць з Богам.

Пасля Папа наведае асізскі катэдральны касцёл св. Руфіна, дзе сустрэнецца з духавенствам, і базыліку св. Кьяры, дзе ў цішыні памоліцца перад крыжам св. Даміяна.

Заключнымі момантамі візіту стануць малітва ў базыліцы Святой Марыі Анёльскай, сустрэча з моладдзю на плошчы перад ім і візіт у санктуарый Рыварота – месца, дзе некаторы час жыў св. Францішак пасля таго, як пакінуў бацькоўскі дом.

Паводле Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by