Святы Айцец у дзень посту і малітвы аб міры: няхай змоўкне гук зброі | Друк |
Святы Айцец
08.09.2013 12:39

«Ніколі больш вайны!» – заклікаў Папа Францішак веруючых і няверуючых, якія прынялі ўдзел вечарам 7 верасня ў дні посту і малітвы аб міры ў Сірыі, на Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце. «Свет, якога мы жадаем, — гэта свет згоды і міру, так, як Бог яго стварыў», —падкрэсліў Святы Айцец і дадаў, што, на жаль, сёння ў ім надалей існуе насілле, падзелы, супрацьстаянні і войны, а гэта таму, што чалавек замыкаецца ў сваім эгаізме.

«Калі чалавек думае толькі пра сябе, свае інтарэсы і ставіць сябе ў цэнтры, калі захапляецца ідаламі і ўладай, калі ставіць сябе на месцы Бога – тады разбурае ўсе адносіны, нішчыць усё і адкрывае дзверы для гвалту, падзелаў і канфліктаў», - сказаў Пантыфік. Папа адзначыў, што калі чалавек «разбурае гармонію з Стварыцелем, падымае руку супраць брата, каб забіць яго, тады брат, якога мы павінны ахоўваць і любіць», становіцца «ворагам, з якім трэба змагацца». Паводле Святога Айца, таксама і сёння мы працягваем гэты шлях вайны і наша стаўленне да яе не змянілася.

«Кколькі ж насілля нараджаецца з-за гэтага, колькі ж канфліктаў і войнаў пазначылі нашу гісторыю. Дастаткова паглядзець на пакуты столькіх нашых братоў і сясцёр», — сказаў Пантыфік.

«Мы ўдасканалілі нашу зброю — нашы сумленні заснулі, свае правы мы зрабілі тонкімі, каб апраўдваць сябе. Быццам бы стала нармальнай рэччу тое, што мы надалей працягваем сеяць знішчэнні, боль і смерць. Насілле і вайна прыносяць толькі смерць, гавораць пра смерць. Насілле і вайна маюць мову смерці», — адзначыў Папа.

Святы Айцец выказаў перакананне, што існуе альтэрнатыва для гэтай спіралі болю і смерці і што магчыма пайсці іншым шляхам, шляхам міру. Папа заклікаў, каб кожны, таксама і кіраўнікі дзяржаў, пайшлі гэтым шляхам і ўсе глянулі на Крыж Хрыста, бо ў цішыні Крыжа маўчыць гук зброі і прамаўляе мова прымірэння, прабачэння, дыялогу і міру.

«Я хацеў бы сёння вечарам прасіць Бога, каб мы, хрысціяне, браты іншых рэлігій, людзі добрай волі, моцна закрычалі: насілле і вайна ніколі не з’яўляюцца шляхам да міру. Няхай кожны гляне ў глыбіню свайго сумлення і паслухае словы, якія кажуць: выйдзі за межы сваіх інтарэсаў, якія выклікаюць толькі закрыццё твайго сэрца, пераадолей абыякавасць да іншага чалавека (...), адкрыйся на дыялог, на прымірэнне: глянь на боль брата твайго і больш не прычыняй болю яму (...), няхай змоўкне гук зброі. Вайна ніколі не з’яўлялася шляхам да міру, заўсёды была паразай чалавецтва», — сказаў Папа.

Святы Айцец свае разважанні завяршыў словамі: «Прабачэнне, дыялог і прымірэнне з’яўляюцца словамі міру: у любімым сірыйскім народзе, на Блізкім Усходзе і ўсім свеце. Памолімся за прымірэнне і мір. Будзем працаваць на карысць прымірэння і міру і будзем людзьмі прымірэння і міру ў кожным асяроддзі».

Пасля прамовы Папы адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Падчас яе пяць пар з Сірыі, Егіпта, Святой Зямлі, ЗША і Расіі прыняслі на алтар ладан. У рамках адарацыі адбылася малітва нешпараў, а на яе заканчэнне малітва ў цішыні, якая завяршылася благаслаўленнем Святога Айца.

Паводле Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by