10 верасня Папа Францішак наведаў рымскі езуіцкі цэнтр дапамогі бежанцам і мігрантам «Astalli». Святы Айцец прыбыў у той час, калі сотні людзей стаялі каля ўваходу ў цэнтр, каб атрымаць пасілак. Пантыфік паразмаўляў з імі, а затым накіраваўся ў саму ўстанову, прайшоўшы тым самым шляхам, якім штодзённа праходзяць сотні людзей, вымушаных пакінуць родную зямлю ў пошуку хлеба, міру і павагі да сваіх правоў.
Па дарозе Святы Айцец сустрэўся з валанцёрамі, якія працуюць у цэнтры, супрацоўнікамі, якія аказваюць прававую дапамогу бежанцам і мігрантам, урачамі і аптэкарамі. У капліцы цэнтра Папа выслухаў сведчанні некаторых мігрантаў, а затым звярнуўся да сабраных з прамовай.
«Кожны з вас, дарагія сябры, нясе з сабой жыццёвую гісторыю, якая кажа пра драмы вайны, канфлікты, часам звязаныя з міжнароднай палітыкай. Але кожны з вас перш за ўсё нясе чалавечае і рэлігійнае багацце, якога не трэба баяцца, а якое трэба прыняць. Многія з вас мусульмане, іншых рэлігій; вы паходзіце з розных краін, з розных сітуацый. Мы не павінны баяцца адметнасцяў!» — сказаў Папа.
Пантыфік нагадаў, што, каб прыбыць у Рым, многім давялося зрабіць цяжкае і небяспечнае падарожжа. «Я асабліва думаю пра жанчын, пра маці, якія пераносяць усё гэта, каб забяспечыць сваім дзецям будучыню і надзею на іншае жыццё для сябе і сваіх сем’яў. Рым павінен быць горадам, які дазволіць вярнуць чалавечае вымярэнне, дазволіць зноў пачаць усміхацца», — адзначыў Святы Айцец.
Пантыфік выказаў падзяку ўсім, хто дапамагае мігрантам і бежанцам. «Пакажыце, што гасціннасцю і братэрствам можна адчыніць акно ў будучыню, больш чым акно – браму», — заклікаў Папа.
Святы Айцец засяродзіўся таксама на трох галоўных прынцыпах працы езуітаў і іх паплечнікаў у дапамозе патрабуючым: служэнні, суправаджэнні і абароне. Папа заўважыў, што слова «салідарнасць», якое звязана са служэннем, наводзіць страх на самую развітую частку свету. «Яго спрабуюць не прамаўляць. Для іх гэта амаль бруднае слова», — сказаў Папа і заклікаў кожнага адказаць на пытанне: «Ці схіляюся я над тымі, хто ў цяжкасцях, або баюся запэцкаць рукі? Служу толькі сабе самому ці служу іншым, як Хрыстус?»
Пантыфік нагадаў пра важнасць інтэграцыі мігрантаў і бежанцаў у грамадства, іх суправаджэння. Паводле Папы, мігранты маюць права быць дзейснай часткай свайго новага грамадства, і неабходна дапамагаць ім у рэалізацыі гэтага права.
«Служыць і суправаджаць азначае таксама абараняць, станавіцца на бок самых слабых», — сказаў Папа і заахвоціў, каб абаронай бедных займаліся не толькі «спецыялісты», але таксама святары, парафіі і рухі, а асаблівым чынам члены манаскіх супольнасцяў. «Дарагія законнікі і законніцы, пустыя кляштары не патрэбны Касцёлу для таго, каб рабіць з іх гатэлі і зарабляць грошы. Пустыя кляштары не нашы, яны для цела Хрыста, якім з’яўляюцца бежанцы», — сказаў Святы Айцец.
Папа заклікаў, каб хрысціянскія супольнасці станавіліся больш салідарнымі і каб у іх любоў рэалізоўвалася канкрэтным чынам. Паводле Ватыканскага радыё
(AG)
|