Кульмінацыйным пунктам візіту Папы Францішка на Сардзінію 22 верасня стала наведванне санктуарыя Маці Божай з Банарыё – апякункі гэтага вострава і ўсіх маракоў. Тут Пантыфік узначаліў Імшу, а затым памаліўся з вернікамі «Анёл Панскі».
У гаміліі падчас Імшы Папа заклікаў памятаць, што на жыццёвым шляху, часта цяжкім, нельга забываць, што «мы не адны, а нас шмат», а «позірк Марыі дапамагае нам глядзець адзін на аднаго па-братэрску».
Святы Айцец сказаў, што прыбыў на востраў, каб «раздзяліць радасці і надзеі, цяжкасці і намаганні, ідэалы і імкненні» жыхароў Сардзініі і ўмацаваць іх у веры. Папа адзначыў, што ведае аб праблемах мясцовых жыхароў, звязаных у першую чаргу з беднасцю, і паабяцаў заўсёды памятаць пра іх у малітве.
«Заўсёды трымайце запаленым святло надзеі!» — заклікаў Папа і дадаў, што ўсім кампанентам грамадства важна супрацоўнічаць і дзейнічаць, каб гарантаваць «людзям і сем’ям іх фундаментальныя правы» і дапамагаць грамадству «станавіцца больш братэрскім і салідарным».
Пантыфік нагадаў прыклад Маці Божай, якая малілася разам з вучнямі Хрыста ў Вячэрніку ў чаканні спаслання Святога Духа. «Марыя моліцца, моліцца разам з супольнасцю вучняў, і вучыць нас мець поўны довер да Бога, да Яго міласэрнасці. Моц малітвы! Не будзем стамляцца стукаць у дзверы Бога. Занясем у сэрца Бога, праз Марыю, усё наша жыццё, кожны дзень!» — заахвоціў Папа.
Святы Айцец звярнуў увагу, што людзі маюць патрэбу у пяшчотным, матчыным позірку Марыі, пад якім, паводле Папы, кожны зможа навучыцца адносіцца па-братэрску да бліжняга. Па словах Пантыфіка, ёсць шмат людзей, якіх мы «інстынктыўна» лічым няважнымі, але якія маюць шмат патрэбаў: гэта пакінутыя, хворыя, тыя, якія не маюць за што жыць, якія не ведаюць Езуса, моладзь, якая знаходзіцца ў цяжкасцях. «Не бойцеся выйсці і паглядзець на нашых братоў і сясцёр позіркам Маці Божай. Яна заклікае нас быць сапраўднымі братамі. І не дазволім, каб нешта ці нехта ўстаў паміж намі і позіркам Маці Божай», — сказаў Папа.
На заканчэнне Эўхарыстыі ў санктуарыі Маці Божай з Банарыё, перш чым памаліцца «Анёл Панскі», Святы Айцец адзначыў: «Тут, каля ног Маці Божай, я б хацеў падзякаваць усім і кожнаму, вам, дарагія вернікі, святары, законнікі і законніцы, улады і асабліва тыя, хто працаваў, каб арганізаваць гэты душпастырсткі візіт». Папа выразіў жаданне даверыць усіх апецы Маці Божай з Банарыё і нагадаў, што Сардзінія мае глыбокую сувязь з Марыяй, і гэтая сувязь выражаецца ў мясцовай пабожнасці і культуры. «Заўсёды будзьце сапраўднымі дзецьмі Марыі і Касцёла і сведчыце аб гэтым вашым жыццём, ідучы за прыкладам святых!» — заклікаў Папа. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|