Сустрэча Папы на Сардзініі з беднымі, зняволенымі і супрацоўнікамі «Caritas»: немагчыма ісці за Хрыстом, калі не любім адзін аднаго | Друк |
Святы Айцец
22.09.2013 22:02

22 верасня ў рамках душпастырскага візіту на Сардзінію Папа Францішак сустрэўся з групай бедных і зняволеных, а таксама супрацоўнікамі мясцовага аддзялення «Caritas», якія аб іх клапоцяцца. Сустрэча адбылася ў катэдральным касцёле ў Кальяры.

«Тут мы моцным і канкрэтным чынам адчуваем, што ўсе з’яўляемся братамі. Тут ёсць адзіны Айцец – наш Айцец Нябесны, і адзіны Настаўнік – Езус Хрыстус», — сказаў Папа і адзначыў, што сузіранне Хрыста дае сілу і суцяшэнне, неабходныя перад абліччам цяжкасцяў.

«Гледзячы на Езуса, мы бачым, што Ён выбраў шлях пакоры і служэння», — падкрэсліў Папа і дадаў, што «гэта з’яўляецца шляхам любові». «Такім чынам мы бачым, што любоў – гэта не асістэнцыя: гэта жыццёвы выбар, спосаб быцця, жыцця, шлях пакоры і салідарнасці. Пакора Хрыста – гэта не маралізм, не сантыменты. Пакора Хрыста – рэальная, гэта выбар быцця малым, прысутнасці з малымі, з выключанымі, прысутнасць сярод нас, грэшнікаў. Але, увага, гэта не ідэалогія! Гэта спосаб быцця і жыцця, які пачынаецца з любові, які пачынаецца з сэрца Бога Айца», — сказаў Пантыфік.

Па словах Святога Айца, глядзець на Езуса не дастаткова, «трэба ісці за Ім»: Езус не прыйшоў у свет, каб выстаўляць сябе на паказ; Езус — гэта дарога, а дарога патрэбна, каб ісці па ёй. «Я хачу перадусім падзякаваць Пану за вашы намаганні ісці за Ім, у цяжкасцях, у пакутах, паміж сценамі турмы», — сказаў Папа і заклікаў прысутных, перш за ўсё, захоўваць любоў паміж сабой: «Немагчыма ісці за Хрыстом па дарозе любові, калі не любім адзін аднаго, калі не намагаемся супрацоўнічаць, разумець адзін аднаго і прабачаць, прызнаючы ўласныя недахопы і памылкі».

Папа заклікаў ісці за Хрыстом па дарозе любові аж на перыферыі існавання: «Для добрага пастыра тое, што далёкае, перыферыйнае, што згубленае і неацэненае – гэта аб’ект большага клопату».

Святы Айцец падкрэсліў, што, ідучы за Хрыстом па дарозе любові, «мы сеем надзею», і неабходна яе сеяць у грамадстве, праз салідарныя ўчынкі і супрацоўніцтва.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by