Папа да ўдзельнікаў кангрэса катэхетаў: дзе ёсць сапраўднае жыццё ў Хрысце, там ёсць адкрытасць на іншага | Друк |
Святы Айцец
28.09.2013 14:30

«Катэхізацыя – гэта стоўп навучання веры, таму нам патрэбны добрыя катэхеты!» — звярнуўся Папа Францішак да ўдзельнікаў Міжнароднага кангрэса катэхетаў, які 26-28 верасня праходзіць у Рыме. Пантыфік сустрэўся з удзельнікамі форума, якіх было каля 2 тысяч чалавек, на аўдыенцыі ў Зале Паўла VI 27 верасня.

Папа адзначыў, што вучыць дзяцей, моладзь і дарослых больш ведаць і любіць Хрыста –адна з самых цудоўных «прыгодаў». Святы Айцец заклікаў «быць» катэхетамі, а не «працаваць» імі, таму што «быць» азначае ўключыць у гэтую справу ўсё сваё жыццё. «Да сустэчы з Езусам трэба весці і словамі, і сведчаннем», — сказаў Папа і дадаў, што катэхеты павінны моцна любіць Хрыста і Яго народ.

Пантыфік заклікаў сабраных быць бліжэй да Езуса – кожны паводле ўласнага паклікання, формы духоўнасці і магчымасцяў. Таксама, паводле Святога Айца, неабходна ісці за Хрыстом – наследаваць Яго паводзіны, выходзіць па-за саміх сябе і ісці на сустрэчу з іншымі. Папа падкрэсліў, што ў веры, чым больш мы яднаемся з Хрыстом, тым больш Ён дазваляе нам выходзіць па-за нашы рамкі. «Дзе ёсць сапраўднае жыццё ў Хрысце, там ёсць адкрытасць на іншага», — сказаў Папа.

Па словах Пантыфіка, катэхеты павінны не баяцца ісці разам з Хрыстом на перыферыі. «Калі катэхет дазваляе страху авалодаць сабой – становіцца баязліўцам; калі катэхет заўсёды прабывае ў спакоі – пераўтвараецца ў музейную статую; калі катэхет жорсткі – становіцца ссохлым і бясплённым», — сказаў Папа і заклікаў катэхетаў памятаць, што Хрыстус паабяцаў быць заўсёды са сваімі вучнямі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
 
© 2003-2025 Catholic.by