30 верасня Папа Францішак стварыў Раду кардыналаў для дапамогі яму ў кіраванні Паўсюдным Касцёлам і вывучэнні праекту перагляду Апостальскай канстытуцыі «Pastor Bonus» адносна Рымскай Rурыі. Рашэнне стала вынікам «прапаноў, выказаных у ходзе агульных кангрэгацый кардыналаў перад канклавам», якія палягалі на стварэнні «невялікай групы членаў епіскапату з розных частак свету, з якімі Святы Айцец мог бы кансультавацца, індывідуальна або калектыўна, па канкрэтных пытаннях».
У спецыяльным хірографе з нагоды заснавання Рады, падпісаным 28 верасня, Папа адзначыў, што пасля свайго абрання ў яго паўставалі «частыя нагоды задумацца на гэтую тэму, лічачы, што такая ініцыятыва была б значнай дапамогай у ажыццяўленні пастырскага служэння Наступніка св. Пятра». Як прызнаўся Пантыфік, менавіта гэта стала прычынай абвяшчэння 13 красавіка 2013 г. аб стварэнні спецыяльнай кардынальскай групы з 8 чалавек.
«Зараз, пасля доўгага роздуму, я лічу адпаведным, каб гэтая група, праз дадзены хірограф, была абвешчана “Радай кардыналаў”, задачай якой з’яўляецца дапамога мне ў кіраванні Паўсюдным Касцёлам і вывучэнне праекту перагляду Апостальскай канстытуцыі “Pastor Bonus” адносна Рымскай курыі», — напісаў Святы Айцец.
Пантыфік паведаміў, што ў склад Рады ўвайшлі тыя ж 8 кардыналаў, але колькасць членаў у будучыні можа змяняцца. Папа дадаў, што яго рашэнне прадыктавана жаданнем узмацніць камунію з біскупамі. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|