30 верасня Папа Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі розных рэлігій свету, якія прыбылі на Міжнародную сустрэчу за мір, арганізаваную Супольнасцю св. Эгідзія. Сустрэча праходзіць у Рыме пад дэвізам «Мужная надзея – рэлігіі і культуры ў дыялогу». Святы Айцец адзначыў, што сёння такія сустрэчы набылі як ніколі актуальнае значэнне.
«Мы ніколі не можам змірыцца з болем цэлых народаў, закладнікаў вайны, беднасці, эксплуатацыі», — сказаў Папа, дадаўшы, што сёння ніхто не можа быць «абыякавым да трагедыі дзяцей, сем’яў, пажылых людзей, якія пацярпелі ад насілля», не можа дазволіць тэрарызму сеяць смерць і боль. Пантыфік падкрэсліў, што «не можа быць ніякага рэлігійнага апраўдання насіллю, у якой бы форме яно ні праяўлялася».
Па словах Папы, лідары розных рэлігій могуць зрабіць шмат для міру, перш за ўсё праз малітву, тым больш што «мір з’яўляецца абавязкам кожнага». Пантыфік звярнуў увагу, што рэлігійны лідар – «заўсёды чалавек міру», бо «запаведзь міру» ўпісана ў глыбіні рэлігійнай традыцыі.
Святы Айцец адзначыў, што дыялог — яшчэ адзін сапраўдны сродак для дасягнення міру. Сёння ў свеце, заўважыў Папа, мала дыялогу, бо многім «цяжка выйсці з вузкага гарызонту сваіх уласных інтарэсаў», каб адкрыцца для сапраўднай і шчырай сустрэчы. Па словах Пантыфіка, «дыялог жывы, цярплівы, моцны, разумны, які нічога не ўпускае», можа «выйграць вайну», таму рэлігійныя лідары павінны быць «партнёрамі па дыялогу» і яго пасрэднікамі, якія нічога не атрымліваюць для сябе, але самі шчодра расходуюць свае сілы, энтузіястамі культуры дыялогу і культуры сустрэчы.
На заканчэнне Святы Айцец папрасіў рэлігійных лідараў прыкласці ўсе намаганні для міру ў Сірыі і на Блізкім Усходзе.
У мерапрыемствах, арганізаваных у рамках Міжнароднай сустрэчы за мір, прымаюць удзел прадстаўнікі ўсіх рэлігій свету, культурныя і палітычныя дзеячы з больш чым 60 краін. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|