Папа Францішак: Касцёлу важна спытаць сябе: якое месца ў ім займае жанчына? | Друк |
Святы Айцец
12.10.2013 15:04

Роля жанчыны і мацярынства былі ў цэнтры прамовы Папы Францішка 12 кастрычніка да ўдзельнікаў семінара, арганізаванага ў Ватыкане з нагоды 25-й гадавіны Апостальскага ліста бл. Яна Паўла ІІ «Mulieris dignitatem» – «гістарычнага дакумента, першага ў папскім навучанні, цалкам прысвечанага тэме жанчыны». Звяртаючыся да сабраных у Клеменційскай зале Апостальскага палаца, Святы Айцец выказаў удзячнасць за ўвагу да гэтай тэмы.

Удзельнікі семінара галоўным чынам разважалі над фрагментам Апостальскага ліста, у якім гаворка ідзе пра тое, што Бог асаблівым чынам даверыў чалавека жанчыне. «Мне здаецца відавочным, што мой Папярэднік меў на ўвазе мацярынства, — сказаў Папа. — Многія рэчы могуць змяняцца і змяніліся ў культурнай і сацыяльнай эвалюцыі, але фактам застаецца, што жанчына зачынае, носіць ва ўлонні і нараджае дзяцей чалавека. Гэта не толькі біялагічная дадзенасць, але яна нясе за сабой багацце наступстваў, як для самой жанчыны, спосабу яе існавання, так і для яе адносін, спосабу адносін да чалавечага жыцця і жыцця ўвогуле. Клічачы жанчыну да мацярынства, Бог асаблівым чынам даверыў ёй чалавека».

Аднак, па словах Пантыфіка, існуюць дзве супрацьлеглыя крайнасці, якія прыніжаюць жанчыну і яе пакліканне. Першая – гэта імкненне абмяжоўваць мацярынства толькі сацыяльнай роллю, заданнем, якое хоць і з’яўляецца шляхетным, але не раскрывае ўсяго патэнцыялу жанчын, «не ацэньвае яго ўпоўні ў будаванні супольнасці». Паводле Папы, гэта тычыцца як грамадскай сферы, так і касцёльнай.

Іншай небяспекай, як адзначыў Святы Айцец, з’яўляецца эмансіпацыя – імкненне жанчыны займаць месца мужчыны і дзеля гэтага адкідаць жаноцкасць і каштоўныя рысы, якія яе характарызуюць. «І тут я хачу падкрэсліць, што жанчына мае асаблівую чуллівасць да “Божых справаў”, перш за ўсё дапамагаючы нам у разуменні міласэрнасці, пяшчотнасці і любові, якую Бог мае да нас», — сказаў Папа.

Пантыфік звярнуў увагу, што Апостальскі ліст «Mulieris dignitatem» заклікае да глыбокага разважання на гэтую тэму, і Касцёлу важна спытаць сябе: якое месца ў ім займае жанчына? Ці яна можа быць ацэнена яшчэ больш? «Гэтая рэальнасць блізкая майму сэрцу, і таму я хацеў сустрэцца з вамі і благаславіць вашу працу», — сказаў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
 
© 2003-2025 Catholic.by