Кульмінацыйным момантам святкавання Марыйнага дня ў Апостальскай Сталіцы стала святая Імша, якую Папа Францішак узначаліў раніцай 13 кастрычнікa на плошчы св. Пятра. З гэтай нагоды спецыяльна ў Рым прыбыла фігурка Маці Божай Фацімскай. На заканчэнне літургіі Пантыфік здзейсніў акт прысвячэння свету апецы Найсвяцейшай Панны Марыі.
У Імшы ўдзельнічала больш за 100 тысяч вернікаў, у тым ліку група з Беларусі — члены супольнасці «Каштоўная пярліна» руху «Святло-жыццё» з мінскай парафіі Св. Сымога і св. Алены.
У гаміліі Папа паразважаў над трыма аспектамі з дзейнасці Бога ў гісторыі чалавецтва: Бог нас здзіўляе, Бог жадае ад нас вернасці, Ён з’яўляецца нашай сілай. Пантыфік адзначыў, што Марыя з’яўляецца адным з “цудаў Пана”: пакорным і слабым стварэннем, “так, як і мы”, аднак абранай, каб “быць Маці Бога, Маці свайго Стварыцеля”. Папа дадаў, што Бог нас часта здзіўляе сваімі ўчынкамі, з’яўляецца менавіта ва ўбостве, у слабасці, у пакоры і дае сваю любоў, якая збаўляе, аздараўляе і дае нам сілу.
Хрыстус жадае толькі аднаго, каб мы ішлі за Яго словам і давяралі Яму, — сказаў Папа. Святы Айцец падкрэсліў вялікае здзіўленне Марыі, што “Бог, каб стацца чалавекам, абраў менавіта Яе, простую дзяўчыну з Назарэта, якая не жыла ў палацах улады і багацця, якая не здзейсніла ніякіх вялікіх учынкаў, але была адкрытай на Бога і ўмела Яму давяраць, нават калі не разумела ўсяго“. “Бог заўсёды нас здзіўляе, парушае нашыя схемы, падрывае нашы праекты і кажа нам: давярай Мне, не бойся, не здзіўляйся, пакінь сябе самога і ідзі за Мною”, - сказаў Папа і заклікаў вернікаў спытаць сябе: ці баімся мы таго, чаго Бог можа ад мяне пажадаць ці прасіць? Ці здзіўляе мяне Бог, як здзівіў Марыю, ці я замыкаюся ў сваёй самаўпэўненасці, у сваіх планах? Ці сапраўды дазваляю Богу ўвайсці ў маё жыццё? Як яму адказваю?
Пантыфік звярнуў увагу таксама на тое, што Бог жадае ад нас вернасці. Паводле Святога Айца, Бог здзіўляе сваёй любоўю, аднак жадае ад нас вернасці ў Яго наследаванні. Па словах Папы, чалавек цешыцца з поспехаў, з добрых ініцыятыў, але потым з узнікненнем першых праблем расчароўваецца. “Гэта, на жаль, здараецца таксама часта ў асноўных выбарах, як напрыклад сужэнства. Цяжка быць пастаянным, верным прынятым рашэнням і абавязкам. Часта лёгка мы кажам “так”, але пазней цяжка нам паўтараць тое “так” кожны дзень”, — адзначыў Святы Айцец.
Папа падкрэсліў, што “так” Марыі не было першым у Яе жыцці: “Было гэта адно з многіх “так”, якія Яна прамовіла ў сваім сэрцы, як у радасныя моманты, так і ў моманты болю, было шмат “так”, кульмінацыяй якіх было гэтае “так” пад крыжам», — сказаў Святы Айцец і прапанаваў адказаць на пытанне: я з’яўляюся хрысціянінам ад часу да часу ці назаўсёды? Па словах Папы, Бог жадае, каб мы былі Яму вернымі кожны дзень, і “нават калі мы не верныя Яму, то Ён заўсёды нам верны і, будучы міласэрным, не спыняецца трымаць нас за руку, каб нас падняць, заклікаць да ўзнаўлення пілігрымкі, каб вярнуцца да Яго і расказаць Яму аб сваіх слабасцях і прасіць Ягонай сілы”.
Бог — наша сіла – такім быў трэці аспект, на які звярнуў увагу Папа. Пантыфік адзначыў, што трэба ўмець дзякаваць і славіць Пана за ўсё, што Ён зрабіў нам: “Гляньма на Марыю: пасля Звеставання першым жэстам, які Яна здзейсніла, быў акт любові да сваёй старэйшай сваячкі Альжбеты, а першыя словы, якія прамовіла, былі: “Велічае душа мая Пана”, Магніфікат, песня хвалы і падзякі Богу не толькі за тое, што здзейсніў у Ёй, але і за Яго дзеянне ва ўсёй гісторыі збаўлення. Усё з’яўляецца Яго дарам, Ён – наша сіла! Сказаць „дзякуй“ вельмі лёгка і ў той жа час так цяжка». Папа заклікаў вернікаў спытаць у сябе: колькі разоў мы кажам “дзякуй” у сям’і? Колькі разоў дзякуем тым, хто дапамагае нам, што знаходзяцца побач нас, суправаджаюць нас у жыцці? Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|