Папа сустрэўся з прадстаўнікамі Сусветнай лютэранскай федэрацыі і Камісіі па лютэранска-каталіцкім адзінстве | Друк |
Святы Айцец
21.10.2013 14:26

21 кастрычніка Папа Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі Сусветнай лютэранскай федэрацыі і Камісіі па лютэранска-каталіцкім адзінстве. Пантыфік звярнуў увагу на «шматлікія поспехі, дасягнутыя ў адносінах паміж лютэранамі і католікамі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў».

Па словах Папы, гаворка ідзе «не толькі пра тэалагічны дыялог, але і пра братэрскае супрацоўніцтва ў розных сферах душпастырства, і, перш за ўсё, імкненне да прагрэсу ў духоўным экуменізме». На думку Святога Айца, менавіта гэта апошняе «складае душу сумеснай пілігрымкі да поўнай камуніі і дазваляе ўжо цяпер прадчуваць некаторыя плёны, калі нават і не дасканалыя». Пантыфік падкрэсліў, што у той жа меры, у якой католікі і лютэране набліжаюцца да Хрыста, яны набліжаюцца і адно да аднаго, і ў гэтым падарожжы Езус з’яўляецца правадыром.

Папа нагадаў, што сёлета быў апублікаваны сумесны лютэранска-каталіцкі дакумент «Ад канфлікту да камуніі. Лютэранская-каталіцкая інтэрпрэтацыя Рэфармацыі ў 2017 г.», які падвёў вынікі 50-гадовага тэалагічнага дыялогу. «Я лічу, што гэта сапраўды важна для ўсіх, дыскутаваць у дыялогу аб гістарычнай рэальнасці Рэфармацыі, яе наступствах і водгуках, якія яна выклікала. Католікі і лютэране могуць папрасіць прабачэння за шкоду, якую прынеслі адзін аднаму, і за грахі, учыненыя ў вачах Бога, і разам адчуваць радасць з настальгіяй па адзінстве, якую Пан абудзіў у нашых сэрцах і якая прымушае нас з надзеяй глядзець у будучыню», — сказаў Святы Айцец.

Пантыфік выказаў упэўненасць, што «падарожжа дыялогу і зносін» паміж католікамі і лютэранамі будзе працягвацца, як і вырашэнне фундаментальных пытанняў у галіне антрапалогіі і этыкі. Папа запрасіў не падманваць сябе і сказаць шчыра, што на гэтым шляху ёсць і будуць цяжкасці, якія «па-ранейшаму патрабуюць цярпення, дыялогу і ўзаемаразумення». Але, па словах Папы, «мы не павінны баяцца», паколькі «адзінства ў першую чаргу – не плён нашых прац, але дзеяння Святога Духа, якому мы павінны адкрыць нашы сэрцы з верай, што Ён будзе весці нас па шляху паяднання і камуніі».

Святы Айцец працытаваў бл. Яна Паўла II, які пытаўся: «Як можна абвяшчаць Евангелле прымірэння, адначасова не будучы прыхільнікам працы для прымірэння паміж хрысціянамі?» Папа дадаў, што пастаянная малітва ў супольнасцях павінна падтрымліваць тэалагічны дыялог, абнаўленне жыцця і навяртанне сэрцаў, і гэта дапаможа выканаць жаданне Езуса, каб усе былі адно.

Сусветная лютэранская федэрацыя (Lutheran World Federation) – найбуйнейшае глабальнае аб’яднанне нацыянальных і рэгіянальных Лютэранскіх Цэркваў, са штаб-кватэрай у швейцарскай Жэневе. Была заснавана пасля Другой сусветнай вайны ў 1947 г. У цяперашні час уключае 140 Цэркваў у 78 краінах свету, якія прадстаўляюць каля 67 мільёнаў лютэран.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by