Папа Францішак: ніводная турма не можа быць зачынена настолькі, каб туды не меў доступу Бог | Друк |
Святы Айцец
23.10.2013 12:15

Святы Айцец перадаў словы падтрымкі ўсім вязням італьянскіх турмаў. «Я малюся за іх, яны блізкія майму сэрцу, прашу Пана і Божую Маці, каб яны паспяхова прайшлі гэты складаны перыяд свайго жыцця», — сказаў Папа Францішак падчас сустрэчы з італьянскімі турэмнымі капеланамі ў Ватыкане 23 кастрычніка.

Па словах Пантыфіка, ніводная камера не можа быць зачынена настолькі, каб туды не меў доступу Бог — Ён там, плача з вязнямі, працуе з імі, спадзяецца з імі. Папа адзначыў, што недахопы аднолькавыя, і ў тых, хто ў турме, і ў тых, хто на волі, і гэта робіць людзей бліжэйшымі адзін да аднаго.

Святы Айцец заўважыў, што праца турэмнага капелана «вельмі складаная і вельмі важная, паколькі з’яўляецца выразам адной са спраў міласэрнасці і робіць бачнай прысутнасць Пана ў турме, у камеры». «Вы з’яўляецеся знакам блізкасці Хрыста да гэтых братоў, якія маюць патрэбу ў надзеі», — сказаў святарам Папа.

Пантыфік запрасіў капеланаў абвяшчаць «справядлівасць надзеі», падкрэсліўшы, што «гэта не ўтопія» і гэта можа быць зроблена. «Гэта нялёгка, таму што нашы слабасці паўсюль, таксама д’ябал ёсць усюды, спакусы паўсюль, але заўсёды шукайце яе» — справядлівасць надзеі, — заклікаў удзельнікаў сустрэчы Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by