Папа да новых біскупаў: любіце з бацькоўскай і братэрскай любоўю ўсіх, каго Бог вам даверыць | Друк |
Святы Айцец
25.10.2013 12:11

Любіце святароў і дыяканаў, бедных і безабаронных і з любоўю чувайце над усім статкам, — з такімі словамі Папа Францішак звярнуўся да Апостальскага Нунцыя ў Гане Жана-Мары Шпайха і кіраўніка Папскай касцёльнай акадэміі Джампьера Гладэра, якім 24 кастрычніка ўдзяліў біскупскую сакру.

Папа адзначыў, што біскупы — “абаронцы і распарадчыкі таямніц Хрыстовых”, пакліканыя па прыкладзе Добрага Пастыра служыць народу Божаму. “Біскупства – гэта назва служэння, а не пашаны... Заўсёды ў служэнні”, — сказаў Пантыфік. Заклікаўшы новых біскупаў абвяшчаць Божае слова ў любой сітуацыі, зручнай і нязручнай, Святы Айцец нагадаў таксама пра фундаментальнае значэнне малітвы: “Біскуп, які не моліцца, — гэта біскуп “паўдарогі”. А калі не моліцца да Пана, прыходзіць да марнасці”.

Па словах Папы, біскупскім служэннем павінна заўсёды кіраваць любоў. “Любіце, любіце з бацькоўскай і братэрскай любоўю ўсіх, каго Бог вам даверыць. Перш за ўсё любіце святароў і дыяканаў. Яны вашы паплечнікі, самыя блізкія з блізкіх для вас. Ніколі не прымушайце святароў чакаць аўдыенцыі, адразу адказвайце. Будзьце блізка з імі. Але таксама любіце бедных, безабаронных і тых, хто патрабуе адкрытасці і дапамогі. Майце жывую ўвагу да тых, хто належыць да адзінага статку Хрыста, таму што яны вам былі давераны Панам. Шмат маліцеся за ніх”, — заклікаў Пантыфік.

Папа адзначыў, што біскупы пакліканы “чуваць над статкам” у імя Айца і Сына, і Святога Духа, які ажыўляе Касцёл.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by