«Сям’я, якая жыве радасцю веры, з’яўляецца соллю зямлі і святлом свету»: Папа ўзначаліў Імшу з нагоды Дня сем’яў | Друк |
Святы Айцец
27.10.2013 14:50

27 кастрычніка Папа Францішак цэлебраваў Імшу з удзелам больш чым 100 тысяч вернікаў з розных краін свету – удзельнікаў Дня сем’яў, які праходзіць у Ватыкане па ініцыятыве Папскай рады па справах сям’і. У Імшы ўдзельнічала і група пілігрымаў з Беларусі, якія прыбылі ў Рым з Пінскай дыяцэзіі ў суправаджэнні a. Пятра Бялевіча.

Звяртаючыся да сабраных на ватыканскай плошчы, Папа падкрэсліў важнасць шчырай супольнай малітвы для сям’і. “Але многія мне кажуць: як гэта робіцца? Таму што здаецца, што малітва — гэта справа асабістая, і, потым, ніколі не маем адпаведнага і спакойнага моманту. Так, гэта праўда, але гэта таксама пытанне пакоры, прызнання патрэбы ў Богу (...). Усе сем’і маюць патрэбу ў Богу (...) Неабходна прастата! (...) Маліцца разам “Ойча наш” за сталом – гэта не штосьці незвычайнае, але простае. Маліцца разам на ружанцы ў сям’і – гэта цудоўна, гэта дае вялікую сілу! І маліцца адно за аднаго! Муж за жонку, жонка за мужа ”, — сказаў Пантыфік.

Іншая характарыстыка хрысціянскай сям’і, паводле Папы, датычыцца здольнасці захавання веры. Пантыфік адзначыў, што “захоўваць” не азначае трымаць яе ў крэпасці ці закопваць у зямлю, як рабіў лянівы слуга, — захоўваць веру азначае абвяшчаць яе па прыкладзе св. Паўла.

“Ён захаваў веру, таму што не абмяжоўваўся толькі яе абаронай, але абвяшчаў, выпраменьваў і нёс далёка. Ён рашуча супрацьстаяў тым, хто хацеў захаваць, “забальзаміраваць” пасланне Хрыста ў межах Палесціны. Для гэтага ён рабіў мужны выбар, ішоў на варожыя тэрыторыі, дазваляў правакаваць сябе людзям далёкім, з іншых культур, прамаўляў адкрыта і без страху. Святы Павел захаваў веру, таму што, як яе атрымаў, дарыў, імкнучыся на перыферыі і не займаючы абарончай пазіцыі”, — патлумачыў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, хрысціянская сям’я павінна быць місійнай, але спаўняць сваю місію сярод штодзённых спраў, “прыносячы ва ўсё соль і зачын веры”.

Апошняй характарыстыкай хрысціянскай сям’і, дадаў Папа, з’яўляецца здольнасць жыць радасцю веры. “Сапраўдная радасць, якая адчуваецца ў сям’і, – гэта не штосцьці павярхоўнае, яна не нараджаецца дзякуючы рэчам, спрыяльным умовам... Сапраўдная радасць паходзіць ад дасканалай гармоніі паміж асобамі, якую ўсе адчуваюць у сэрцы і якая дазваляе адчуць прыгажосць быцця разам, узаемнай падтрымцы на жыццёвым шляху. У аснове гэтага пачуцця глыбокай радасці знаходзіцца прысутнасць Бога ў сям’і, Яго адкрытая, міласэрная любоў, паважаючая ўсіх. І перш за ўсё любоў цярплівая (...). Толькі Бог стварае гармонію паміж адметнасцямі”, — сказаў Пантыфік.

Святы Айцец падкрэсліў: калі не хапае любові Божай, таксама і сям’я губляе гармонію: у ёй пачынае дамінаваць індывідуалізм і затухае радасць. „Але сям’я, якая жыве радасцю веры, перадае яе спантанна, з’яўляецца соллю зямлі і святлом свету, зачынам для грамадства”, — заўважыў Папа і заклікаў сем’і жыць верай у прастаце, па прыкладзе Святой Сям’і з Назарэту.

Пасля Імшы Папа прамовіў тэкст малітвы, у якой ад імя ўсіх прысутных папрасіў Святую Сям’ю навучыць сем’і наследаваць яе цноты, бачыць дзейнасць Божага Провіду ва ўсіх штодзённых справах, а таксама ўмацаваць свядомасць грамадства ў сакральным і непарушным характары сям’і.

Перад малітвай “Анёл Панскі” Святы Айцец асабліва прывітаў біскупаў і вернікаў з Экватарыяльнай Гвінеі, якія прыбылі ў Вечны горад з нагоды ратыфікацыі пагаднення з Апостальскай Сталіцай. Папа заклікаў памаліцца за народ гэтай краіны, а таксама за ўсе сем’і ў свеце, асабліва тыя, якія знаходзяцца ў цяжкіх сітуацыях.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by