14 лістапада Святы Айцец сустрэўся з Прэзідэнтам Італьянскай Рэспублікі Джорджыо Напалітана ў адказ на яго візіт у Ватыкан 8 ліпеня. Гэта была ўжо трэцяя сустрэча Папы Францішка і Джорджыо Напалітана, але першая, якая мела статус афіцыйнай.
Звяртаючыся да прысутных у Квірынальскім палацы – рэзідэнцыі Прэзідэнта Італіі, — Пантыфік адзначыў, што, наведваючы “сімвалічны дом усіх італьянцаў”, хоча “пастукаць у дзверы кожнага жыхара гэтай зямлі”, дзе знаходзяцца карані яго “зямной сям’і”, і “прапанаваць усім аздараўляючае і заўсёды новае слова Евангелля”. Гаворачы пра развіццё двухбаковых адносін паміж Італіяй і Апостальскай Сталіцай, Папа нагадаў, што праз некалькі тыдняў будзе адзначацца 30-годдзе Пагаднення аб пераглядзе канкардату, якое з’яўляецца моцнай нарматыўнай базай “для спакойнага развіцця адносін паміж дзяржавай і Касцёлам у Італіі” і “спрыяе штодзённаму супрацоўніцтву ў служэнні чалавеку”.
Па словах Святога Айца, пытанняў, якія маюць супольны інтарэс, шмат. Сярод іх праблемы, справакаваныя эканамічным крызісам, у першую чаргу беспрацоўе. Пантыфік заклікаў “пашырыць намаганні для змякчэння яго наступстваў”.
Папа ўзгадаў пра свае душпастырскія візіты на Лампедузу, Сардзінію і ў Асізі. “У гэтых месцах я дакрануўся да ранаў, ад якіх пакутуе сёння шмат людзей”, - адзначыў Пантыфік, а таксама звярнуў увагу, што ў цэнтры сацыяльных цяжкасцяў знаходзіцца сям’я, якая, “прапануючы грамадству свае сілы, мае патрэбу ў тым, каб быць ацэненай, паважанай і абароненай”.
Святы Айцец пажадаў, каб Італія, абапіраючыся на “багатую спадчыну грамадскіх і духоўных каштоўнасцяў, здолела нанова адкрыць крэатыўнасць і згоду, неабходныя для яе гарманічнага развіцця”. Пантыфік выказаў упэўненасць, што краіна можа зрабіць свой значны ўнёсак у супольнае дабро і абарону годнасці кожнага чалавека, у мір і справядлівасць у свеце. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|