Святы Айцец: сацыяльнае вучэнне Касцёла — выдатны арыенцір для тых, хто працуе ў эканоміцы і фінансах | Друк |
Святы Айцец
22.11.2013 13:32

Папа Францішак скіраваў відэапасланне ўдзельнікам ІІІ Фестывалю сацыяльнага вучэння Касцёла, які праходзіць у гэтыя дні ў Вероне (Італія). Па словах Святога Айца, знакавай з’яўляецца тэма форуму: “Менш няроўнасці, больш адрозненняў”.

На думку Пантыфіка, сёння свет патрабуе багацця асабістых талентаў. Папа выкарыстаў вобразы сферы і шматгранніка: сфера нагадвае глабалізацыю – гладкую, без граняў, роўную ва ўсіх частках; шматграннік жа нагадвае чалавецтва, якое складаецца з мноства элементаў. Адрозненні, падкрэсліў Папа, не могуць быць дэструктыўнымі, і прывёў прыклад канфлікту маладога і старэйшага пакаленняў, калі моладзь адчужае пажылых людзей і не лічыцца з імі.

Святы Айцец падкрэсліў, што сацыяльнае вучэнне Касцёла з’яўляецца “выдатным арыенцірам” для тых, хто працуе ў эканоміцы і фінансах; яно “заключае ў сабе масу ідэй” для рэалізацыі свабоды чалавека. “Салідарнасць” – гэта, як дадаў Папа, ключавое слова ў сацыяльнай дактрыне, але многія хочуць выдаліць яго са слоўніка, таму што гэта нязручнае слова, а для эканомікі і рынку яно стала амаль непрыйстойным. Пантыфік звярнуў увагу, што менавіта салідарнасць грае важную ролю для забеспячэння чалавека працай, а “праца і годнасць ідуць рука аб руку”.

Святы Айцец пажадаў удзельнікам форуму новых падыходаў да рэалізацыі сацыяльнага навучання Касцёла, якія б засноўваліся на тым, што ўжо было дасягнута.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by