Папа: клопат аб пажылых людзях павінен ажыццяўляцца ў атмасферы даверу і павагі | Друк |
Святы Айцец
23.11.2013 15:50

Сёння Касцёл, як ніколі, павінен сведчыць аб каштоўнасці пажылых людзей, - з такім заклікам Святы Айцец звярнуўся да ўдзельнікаў штогадовай канферэнцыі Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя, якая 21-23 лістапада праходзіць у Ватыкане на тэму барацьбы з нейрадэгенератыўнымі захворваннямі ў пажылым узросце і душпастырскай апекі людзей з такім дыягназам.

Падчас сустрэчы з удзельнікамі ў базыліцы св. Пятра Папа адзначыў, што павелічэнне людзей з нейрадэгенератыўнымі захворваннямі, якія часта суправаджаюцца пагаршэннем кагнітыўных здольнасцяў, павінна стымуляваць новыя даследванні ў медыцынскай сферы, а таксама спрыяць большаму клопату з боку установаў і ў першую чаргу сем’яў, якія застаюцца прывілеяваным месцам адкрытасці і блізкасці. Гэты клопат, па словах Пантыфіка, павінен ажыццяўляцца ў атмасферы даверу і павагі, такім чынам гэтая дзейнасць можа стаць багатым досведам, як з прафесійнага, так і з чалавечага пункту гледжання.

Акрамя таго, адзначыў Святы Айцец, у дапамозе пажылым людзям павінна надавацца значнае месца душпастырскаму клопату аб рэлігійных і духоўных патрэбах. “Гэтыя вымярэнні застаюцца жыццятворнымі, нават калі кагнітыўныя здольнасці людзей абмежаваны ці згублены”, - сказаў Папа і дадаў, што важна, “каб іх розум і сэрца не перарывалі дыялог і адносіны з Богам”.

Звяртаючыся да пажылых людзей, Пантыфік нагадаў, што яны не з’яўляюцца толькі адрасатамі абвяшчэння евангельскага паслання, але павінны штодзённа быць сведкамі Пана ў сем’ях, парафіях і асяродках, якія наведваюць, знаёмячы з Хрыстом і Яго Евангеллем, асабліва самых маладых. 

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by