«Прыняць у жыцці цэнтральнае месца Езуса»: Папа ўзначаліў Імшу на завяршэнне Года веры | Друк |
Святы Айцец
24.11.2013 16:12

24 лістапада Папа Францішак узначаліў Імшу ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Імша адбылася на заканчэнне Года веры, абвешчанага Бэнэдыктам XVI. Перад пачаткам літургіі на плошчы Св. Пятра ўпершыню для публічнага ўшанавання былі выстаўлены рэліквіі Князя апосталаў, змешчаныя ў спецыяльную бронзавую урну.

Рэлікварый быў вынесены ў працэсіі і ўсталяваны каля галоўнага алтара. Таксама па просьбе Святога Айца перад літургіяй адбыўся збор ахвяраванняў на патрэбы ахвяраў тарнада на Філіпінах.

Падчас Імшы ў гаміліі Папа Францішак нагадаў, што Апостал Павел прадстаўляў Хрыста “як цэнтр усяго”, пачатак кожнага стварэння, якому Бог даў поўню, “каб у Ім прымірылася ўсё”. “Ад верніка, калі ён хоча быць такім, патрабуецца прызнаць і прыняць у жыцці гэтае цэнтральнае месца Езуса Хрыста, у думках, словах і справах. І так нашы думкі стануць хрысціянскімі, думкамі Хрыста. Нашы справы стануць хрысціянскімі, справамі Хрыста. Нашы словы стануць хрысціянскімі, словамі Хрыста. Але калі губляецца гэты цэнтр, таму што замяняецца нечым іншым, наносіцца толькі ўрон асяроддзю вакол нас і самому чалавеку”, - адзначыў Пантыфік.

Святы Айцец дадаў, што Хрыстус з’яўляецца цэнтрам Народа Божага – у Ім споўнена жаданне ізраільцян караля, які будзе блізкім, згодным суправаджаць іх на жыццёвым шляху і стане іх братам.

“Хрыстус, нашчадак караля Давіда, – гэта брат, вакол якога ўтвараецца народ, брат, які клапоціцца пра свой народ, пра усіх нас, коштам свайго жыцця. У Ім мы адно – адзін народ; паяднаныя з Ім, раздзяляем адзін і той жа шлях, адзін лёс. Толькі у Ім, як у цэнтры, мы маем ідэнтычнасць народа”, - адзначыў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што калі Хрыстус знаходзіцца ў цэнтры жыцця чалавека, асвятляюцца нават самыя цёмныя моманты, як адбылося са злачынцам, якому Езус прабачыў з крыжа: “Езус прамовіў толькі слова прабачэння, а не асуджэння. І калі чалавек знаходзіць адвагу прасіць гэтага прабачэння, Пан ніколі не пакіне без адказу такую просьбу”.

Папа заклікаў вернікаў паразважаць пра сваё жыццё і, усведамляючы ўласную слабасць, звярнуцца да Хрыста са словамі: “Узгадай мяне, Пане, які ўжо прабываеш у сваім Валадарстве”.

Пантыфік адзначыў, што абяцанне збаўлення, дадзенае злачынцу, дае таксама сучасным людзям вялікую надзею, кажа, што ласка Божая заўсёды пераўзыходзіць малітву таго, хто просіць. “Пан заўсёды дае больш, Ён вельмі шчодры”, - сказаў Папа.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by