Святы Айцец: сапраўдная вера праяўляецца асабліва ў моманты цяжкасцяў | Друк |
Святы Айцец
25.11.2013 14:51

Вера, якая перажываецца глыбока і з пераканасцю, як правіла адкрываецца на абвяшчэнне Евангелля, — з такімі словамі Папа Францішак звярнуўся да больш чым 300 валанцёраў, якія дапамагалі ў арганізацыі і правядзенні мерапрыемстваў у рамках Года веры. 25 лістапада Пантыфік прыняў іх на аўдыенцыі.

Святы Айцец назваў Год веры “правідэнцыяльнай магчымасцю”, каб аднавіць тое полымя, якое атрымалі падчас сакрамэнту хросту, каб захоўваць яго і дзяліцца ім. “У гэты час ласкі мы змаглі нанова адкрыць сутнасць хрысціянскага шляху, на якім вера, разам з любоўю, займае першае месца. Вера — гэта аснова хрысціянскага досведу, таму што абумоўлівае нашы штодзённыя жыццёвыя выбары і ўчынкі. Яна з’яўляецца неад’емным натхненнем усіх нашых дзеянняў, у сям’і, на працы, у парафіі, з сябрамі, у розных сацыяльных асяродзях”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што асаблівым чынам вера праяўляецца ў складаных сітуацыях: “Моцная і сапраўдная вера праяўляецца асабліва ў моманты цяжкасцяў і выпрабаванняў: тады хрысціянін дазваляе Богу ўзяць сябе за руку і прытуляецца да Яго, з упэўненасцю давяраючы моцнай любові, як непарушнай скале. Менавіта ў сітуацыях пакутаў, калі аддаёмся Богу з пакорай, мы можам даваць добрае сведчанне”.

Паводле Папы, ініцыятывы, якія прайшлі ў рамках Года веры ў Рыме і ва ўсім свеце, паспрыялі ўмацаванню духоўнасці і апостальскага запалу ў вернікаў, якога патрабуе сучасны свет.

“Мы сталі сведкамі таго, наколькі вера ў Хрыста здольная саграваць сэрцы, становячыся па-сапраўднаму рухаючай сілай новай евангелізацыі. Вера, якая перажываецца глыбока і з пераканасцю, як правіла адкрываецца на абвяшчэнне Евангелля. І гэтая вера робіць місійнымі нашы супольнасці! Сапраўды, ёсць патрэба ў хрысціянскіх супольнасцях, задзейнічаных у мужным апостальстве, якое дасягне людзей у іх асяродзях, нават самых складаных”, - сказаў Пантыфік.

Папа адзначыў, што сёння многія патрабуюць простых чалавечых жэстаў, такіх, як усмешка, слова, сведчанне, праз якое адкрыецца блізкасць Езуса Хрыста, і пажадаў, каб ніколі не існавала патрэбы ў гэтых знаках любові і пяшчотнасці, якія нараджаюцца дзякуючы веры.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by