Папа мае намер абвясціць 2015 год у Касцёле як Год кансэкраванага жыцця | Друк |
Святы Айцец
29.11.2013 20:17

Папа Францішак мае намер прысвяціць 2015 год у Касцёле кансэкраванаму жыццю. Пра гэта Пантыфік сказаў 29 лістапада падчас сустрэчы з удзельнікамі пасяджэння Саюзу генеральных настаяцеляў мужчынскіх ордэнаў.

У межах трохгадзіннай сустрэчы, якая праходзіла ў форме дыялогу, Папа адказваў на пытанні законнікаў. Першая серыя пытанняў датычыла сутнасці і місіі кансэкраванага жыцця. Па словах Папы, усе хрысціяне павінны адзначацца радыкалізмам, але законнікі пакліканы наследаваць Хрыста асаблівым чынам. “Кансэкраванае жыццё – гэта прароцтва. Бог кліча нас, каб мы выйшлі з гнязда і былі пасланы на краі зямлі”, - адзначыў Святы Айцец.

Асаблівую ўвагу Пантыфік звярнуў на фармацыю, якая засноўваецца на чатырох галоўных аспектах: духоўным, інтэлектуальным, супольнасным і апостальскім. Па словах Папы, трэба пазбягаць усялякага клерыкалізму дзякуючы шырокаму і адкрытаму дыялогу, а мэта фармацыі – падрыхтоўка законнікаў з чулым сэрцам.

Кажучы пра братэрства і канфлікты, якія здараюцца ў жыцці законнай супольнасці, Папа звярнуў увагу, што трэба старацца суцішыць канфлікт. Адказваючы на пытанне пра адносіны законных супольнасцяў з партыкулярнымі Касцёламі, Пантыфік сказаў: “Мы, біскупы, павінны зразумець, што кансэкраваныя асобы – гэта не дапаможная сіла, але харызматы, якія ўзбагачаюць дыяцэзію”.

Паводле info.wiara.pl

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by