30 лістапада Папа Францішак узначаліў малітву Нешпараў з удзелам студэнтаў рымскіх універсітэтаў. Пантыфік пажадаў удзельнікам малітвы, каб “абавязак хадзіць у веры і паводзіць сябе ў адпаведнасці з Евангеллем” суправаджаў іх у час Адвэнту.
“Паўната хрысціянскага жыцця, якое Бог здзяйсняе ў людзях, заўсёды знаходзіцца пад пагрозай спакусы паддацца духу свету, - адзначыў Святы Айцец. – Таму Бог дорыць нам сваю дапамогу, дзякуючы якой мы можам праявіць настойлівасць і захаваць дары, якія нам даў Святы Дух, новае жыццё ў Духу”.
Па словах Папы, Бог “верны перш за ўсё самому сабе”, таму “справу, якую Ён пачаў у кожным з нас, сваім заклікам, Ён давядзе да здзяйснення”. “Гэта дае нам надзейнасць і вялікі давер: давер, які абапіраецца на Бога і патрабуе нашага актыўнага і смелага супрацоўніцтва, - дадаў Пантыфік. – Вы ведаеце, што немагчыма жыць, не сутыкаючыся з праблемамі, не адказваючы на выклікі. Той, хто не прымае выклікі, не адказвае на іх, не жыве. Ваша воля і вашы здольнасці, разам з моцай Святога Духа (…) дазваляюць вам быць не гледачамі, а галоўнымі героямі сучасных падзей. Калі ласка, не глядзіце на жыццё з балкона! Будзьце там, дзе ёсць выклікі, якія патрабуюць ад вас дапамогі, каб працягваць жыццё, развіццё, барацьбу за годнасць людзей, барацьбу з беднасцю, барацьбу за каштоўнасці”.
“Калі вы не дазволіце ўплываць на сябе пануючаму меркаванню, але застанецеся вернымі этычным і хрысціянскім рэлігійным прынцыпам, то знойдзеце ў сабе мужнасць ісці нават супраць цячэння”, - сказаў Папа, звяртаючыся да студэнтаў. Паводле рускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|