Адбылася першая адвэнтавая медытацыя для Папы | Друк |
Святы Айцец
06.12.2013 15:26

“Св. Францішак і рэформа Касцёла шляхам святасці” — такой была тэма першай адвэнтавай медытацыі, якую прапаведнік Папскага Дома а. Раньера Канталамеса прапанаваў Папу Францішку і яго супрацоўнікам 6 снежня. Медытацыі будуць адбывацца кожную пятніцу Адвэнту.

Звяртаючыся да сабраных у капліцы “Redemptoris Mater” Апостальскага палаца, законнік падкрэсліў, што сапраўдныя рэфарматары адмаўляюцца ад уласных інтарэсаў і жывуць цалкам для Пана. Айцец Канталамеса адзначыў, што для разумення св. Францішка неабходна паглядзець на яго навяртанне: святы выбраў не беднасць, але бедных. Па словах прапаведніка, сапраўдны выбар нашмат больш радыкальны: “Гаворка ідзе не пра выбар паміж багаццем і беднасцю, багатымі і беднымі, прыналежнасцю да аднаго ці іншага класу, але пра выбар паміж сабой і Богам, паміж захаваннем уласнага жыцця ці стратай яго дзеля Евангелля”.

Прапаведнік адзначыў, што навяртанне св. Францішка насіла не сацыяльны, а евангельскі характар: бядняк з Асізі не ішоў да бедных па ўласнай волі, але таму, што яго вёў туды Бог; “быў закаханы не ў цноту беднасці, але ў асобу”. Капуцын падкрэсліў, што св. Францішак “злучыўся шлюбным саюзам” не з беднасцю ці беднымі, але з самім Хрыстом -  і такой павінна быць хрысціянская святасць, бо інакш бедныя будуць “інструменталізавацца”, а беднасць можа стаць прычынай ганарлівасці для членаў Касцёла, “як, на жаль, адбываецца сёння сярод некаторых вучняў Бедняка”.

Айцец Канталамеса нагадаў, што ў сваёй рэгуле св. Францішак абавязваў братоў ісці за Евангеллем, “здзейсніў рэформу ў самім сабе” і так указаў Касцёлу шлях выхаду з крызісу: наблізіцца за Евангелля, людзей і асабліва да самых бедных.

Святы Францішак, як падкрэсліў прапаведнік, здзейніў у сваю эпоху тое, што ў часы Другога Ватыканскага Сабору называлася “разбурэннем бастыёнаў” — маецца на ўвазе разбурэнне ізаляванасці Касцёла і яго вяртанне да кантакту з людзьмі.

Адной з прычын “зацямнення Евангелля” тады была трасфармацыя сэнсу ўлады – са служэння ў панаванне. Святы Францішак, па словах а. Канталамесы, вырашыў гэтую праблему евангельскім чынам: зрабіў вялікае новаўвядзенне – вышэйшыя настаяцелі заснаванага ім ордэна сталі называцца слугамі і братамі. Такім чынам, на думку прапаведніка, для рэфармавання Касцёла, неабходна пачынаць з саміх сябе: калі хочам ісці за Езусам і жыць для Яго, павінны адмовіцца ад саміх сябе.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by