Папа Францішак абвясціў “кампанію супраць голаду”. Асацыяцыя дабрачынных каталіцкіх арганізацый “Caritas internationalis” пачне рэалізоўваць яе 10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, пад дэвізам “Адзіная чалавечая сям’я – харчаванне для ўсіх”. У сваім відэапасланні Святы Айцец запэўніў, што гэтая ініцыятыва атрымала яго поўную падтрымку.
Пантыфік назваў “глабальным скандалам” тое, што каля мільярда чалавек у свеце пакутуюць ад голаду. “Мы не можам павярнуцца спіной, робячы выгляд, што гэтай праблемы не існуе. Ежы, даступнай у свеце, хапіла б, каб накарміць усіх”, - сказаў Папа.
Святы Айцец заклікаў да адкрытасці на праблемы галадаючых і павагі да права на харчаванне, дадзенага Богам. “Трэба дзяліцца тым, што ў нас ёсць, з тымі, хто вымушаны сутыкацца са шматлікімі перашкодамі, каб задаволіць самую асноўную патрэбу. І ў той жа час трэба станавіцца энтузіястамі сапраўднага супрацоўніцтва з беднымі, каб дзякуючы нашай і іх працы яны маглі жыць з годнасцю”, - адзначыў Пантыфік.
Папа заклікаў усе арганізацыі ў свеце, Касцёл і кожнага чалавека стаць голасам для тых, хто моўчкі пакутуе ад голаду, які быў бы ў стане “патрэсці свет”. Пантыфік звярнуў увагу, што сёння існуе вялікая колькасць харчовых адходаў з-за дрэннага выкарыстання рэсурсаў, якія чалавек мае ў наяўнасці. Святы Айцец запрасіў кожнага падтрымаць каталіцкую дабрачынную ініцыятыву, каб стварыць “свет, дзе ніхто больш не будзе паміраць ад голаду”. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|