Сэнс Божага Нараджэння, «экуменізм крыві», роля жанчыны ў Касцёле: Папа даў інтэрв’ю «La Stampa» | Друк |
Святы Айцец
16.12.2013 13:42

У абліччы пераследу і насілля ў адносінах да хрысціян ва ўсім свеце Папа Францішак лічыць адзінства хрысціянскіх Цэркваў адной са сваіх найважнейшых задач. “Для мяне гэта – экуменічны прыярытэт”, - сказаў Пантыфік у інтэрв’ю італьянскай газеце “La Stampa”.

Па словах Папы, сёння існуе “экуменізм крыві”. “У некаторых краінах забіваюць хрысціян, таму што яны носяць крыж або маюць Біблію. І перш, чым іх забіць, у іх не пытаюцца, хто яны: англікане, католікі, лютэране або праваслаўныя. Кроў змешваецца”, - сказаў Святы Айцец. Хрысціяне розных канфесій, дадаў Папа, ужо аб’ядналіся ў гэтых пакутах, нават калі яшчэ не паспелі зрабіць неабходныя крокі да набліжэння, бо гэты час, магчыма, яшчэ не надышоў.

Праваслаўных лідараў, з якімі Пантыфік сустрэўся ў апошнія некалькі месяцаў, ён разглядае як братоў. “Гэта боль, што мы яшчэ не можам цэлебраваць Эўхарыстыю разам, але сяброўства існуе”, - адзначыў Папа, дадаўшы, што працаваць разам і маліцца за адзінства – той шлях, якім трэба ісці.

Інтэрв’ю доўжылася паўтары гадзіны, падчас яго Пантыфік звярнуўся таксама да праблемы пакут дзяцей і драмы голаду ў свеце і пытання сужэнства і сям’і, што будзе ў цэнтры наступнага Сінода Біскупаў.

Інтэрв’ю Святы Айцец пачаў з разважанняў аб сэнсе Божага Нараджэння, адзначыўшы, што для яго гэта “сузіранне Бога, які наведвае свой народ”, “таямніца суцяшэння”. Па словах Пантыфіка, Касцёл, які забыўся пра надзею і пяшчоту Бога, становіцца “Касцёлам халодным”, які не ведае, куды ісці, і трапляе ў путы ідэалогій і духа гэтага свету. Папа выказаўся супраць вульгарызацыі Божага Нараджэння. “Калі чалавек няздольны зразумець гэтую радасць або знаходзіцца ў нейкай чалавечай сітуацыі, якая не дазваляе яму гэта зрабіць, то ён перажывае гэта свята з весялосцю гэтага свету. Але паміж глыбокай радасцю і такой весялосцю ёсць розніца”, - адзначыў Святы Айцец.

Пантыфіку былі зададзены пытанні ў тым ліку аб адносінах да марксізму, пра “жанчын-кардыналаў”, пра магчымасць удзялення сакрамэнтаў разведзеным католікам, якія заключылі новыя саюзы. Папа засяродзіўся на тэмах служэння справе міру ва ўсім свеце, барацьбы з голадам, экуменізму.

На пытанне аб правільных адносінах паміж Касцёлам і палітыкай Святы Айцец адказаў, што гаворка ідзе пра інстытуты, якія развіваюцца ў розных напрамках і маюць розныя задачы; у той жа час у іх ёсць і нешта агульнае, а менавіта, пакліканне служыць народу. “Палітыка высакародная, - працытаваў Пантыфік Папу Паўла VI, - яна з’яўляецца адной з вышэйшых форм міласэрнасці, але яна ж становіцца бруднай, калі яе выкарыстоўваюць для здзелак”.

У заключэнне інтэрв’ю Святы Айцец паразважаў пра ролю жанчыны ў Касцёле. Па словах Папы, варта шанаваць і выяўляць яе лепшыя якасці, а не заганяць жанчыну ў цесныя рамкі няправільна зразуметай эклезіяльнасці.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by