Папа наведаў ватыканскі дзіцячы шпіталь “Bambino Gesu” | Друк |
Святы Айцец
22.12.2013 15:09

Амаль тры гадзіны працягваўся візіт Папы Францішка ў ватыканскі дзіцячы шпіталь “Bambino Gesu” 21 снежня. Сустрэчу з хворымі дзецьмі, іх сем’ямі і медыцынскім персаналам ужо назвалі адной з самых кранальных падчас гэтага Пантыфікату.

“Было сказана няшмат слоў, але сардэчныя жэсты Папы назаўжды застануцца ў нашых сэрцах”, - прызнаўся капелан бальніцы кс. Луіджы Дзукара.

Святога Айца прывіталі маленькія пацыенты з мышачнай дыстрафіяй, перасаджаным сэрцам і лейкеміяй. Візіт Папы пачаўся з наведвання аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі, дзе Пантыфік памаліўся за здароўе дзесяці дзяцей у вельмі цяжкім стане. Урач-ардынатар, які суправаджаў Папу, прызнаўся, што Святы Айцец быў яўна ўсхваляваны і стараўся пабыць як мага даўжэй ля кожнага ложка. Пантыфік не пагадзіўся на прамую трансляцыю свайго візіту, падкрэсліўшы, што гэта яго асабістая сустрэча з хворымі дзецьмі.

У шпітальнай капліцы Папа памаліўся з анкалагічна хворымі. Дзеці перадалі яму запіскі са сваімі марамі і малітвамі. Яны пісалі аб удзячнасці ўрачам, якія ратуюць іх жыццё, пра жаданне знайсці лекі ад усіх хвароб і канчаткова спыніць цярпенні. “Мне ўжо надакучылі ўколы”, - напісаў Дыега. Флавія папрасіла Святога Айца: “Дапамажы нам неяк перажыць гэтыя цяжкія часы”.

“Дарагія дзеці, дзякую вам за вашы мары і малітвы, якія вы змясцілі ў кошыку, што я атрымаў ад вас. Вялікі дзякуй!” - сказаў Святы Айцец і запрасіў прадставіць іх усе Езусу, які “ведае іх лепш за нас”. “Ён ведае сапраўдную глыбіню нашых сэрцаў. Асабліва з вамі, дарагія дзеці, Езус застаецца ў асаблівых адносінах: Ён заўсёды побач з вамі!” - дадаў Папа і запрасіў дзяцей разам памаліцца “Вітай, Марыя”.

Таксама Пантыфік атрымаў сімвалічныя ключы да “Дому Францішка” - новай структуры, якая дзейнічае пры бальніцы, для маці ў цяжкай эканамічнай, сацыяльнай і сямейнай сітуацыі, што прапануе кругласутачную падтрымку жанчынам, якія вымушаны бегчы ад насілля ці не маюць сродкаў для сваіх дзяцей. Дзверы “Дома Францішка”, які дзейнічае ў супрацоўніцтве з рымскім “Caritas”, адкрыты для маці і іх дзяцей незалежна ад краіны паходжання і веры.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by