Папа скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Еўрапейскай сустрэчы моладзі ў Страсбургу | Друк |
Святы Айцец
27.12.2013 17:04

Папа Францішак скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Еўрапейскай сустрэчы моладзі, арганізаванай экуменічнай супольнасцю Тэзэ, якая пройдзе з 28 снежня па 2 студзеня ў Страсбургу, на мяжы паміж Францыяй і Германіяй. У сустрэчы прымуць удзел каля 30 тысяч чалавек, у тым ліку каля 1 тысячы вернікаў з Беларусі.

Святы Айцец запэўніў моладзь у сваёй духоўнай блізкасці і нагадаў, што землі Эльзаса і Латарынгіі, няглядзечы на тое, што на працягу гісторыі неаднойчы былі сведкамі канфліктаў, ператварыліся ў сімвал надзеі, даўшы пачатак сям’і еўрапейскіх народаў. Папа адзначыў, што бачыць вялікі сімвалізм у правядзенні сустрэчы моладзі адначасова ў дзвюх краінах – Францыі і Германіі. Еўропа, па словах Святога Айца, мае патрэбу ў дзейнасці, адвазе і веры моладзі, каб перамагчы складаныя моманты, якія перажывае.

Звяртаючыся да тэмы сустрэчы ў Страсбургу – “шукаць бачнага адзінства паміж усімі, хто любіць Хрыста”, – Папа адзначыў: “Вы ўсведамляеце, што падзелы паміж хрысціянамі з’яўляюцца вялікай перашкодай для місіі, даверанай Касцёлу, і што пераканаўчасць хрысціянскага паслання будзе большай, калі хрысціяне здолеюць перамагчы падзелы”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by