Падводзячы вынікі мінулага года, буйнейшыя газеты ў свеце назвалі Папу адной з самых галоўных і значных асобаў. Раней амерыканскі “Time” назваў Пантыфіка “Чалавекам года”.
Італьянская “La Stampa” палічыла выказваннем, якое адкрыла год, словы Бэнэдыкта XVI, прамоўленыя падчас адмаўлення ад Пятровай пасады: “Цалкам усведамляючы сур’ёзнасць гэтага акту, у поўнай свабоде, я заяўляю, што я адмаўляюся ад служэння Рымскага Біскупа”.
Здымак двух Папаў, зроблены падчас іх сустрэчы ў Кастэль Гандольфа, упрыгожыў выніковы фотарэпартаж міланскага “Corriere della sera”.
“На працягу 2013 г. ніхто не прыцягнуў увагі людзей ва ўсім свеце больш, чым Папа Францішак”, - напісала брытанскае “Financial times” 30 снежня. Паводле выдання, якое следам за амерыканскім “Time” назвала Пантыфіка “Чалавекам года”, “за дзевяць месяцаў пасля свайго абрання ён здзейсніў важны перагляд у вядзенні і здзяйсненні папскага служэння”.
23 снежня выява Святога Айца ўпрыгожыла вокладку амерыканскай газеты “New Yorker”. Папа прадстаўлены мастаком у незвычайнай форме – у выглядзе “снежнага анёла”.
Мужчынскі часопіс “Esquire” назваў Папу Францішка “найлепш апранутым чалавекам года”, таму што яго адзенне, на думку рэдакцыі, найбольш адпавядае місіі і філасофіі служэння, якое ён здзяйсняе. Папа элегантны, таму што сапраўдны, падкрэсліла выданне. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|