“Сапраўдная вера прадугледжвае глыбокае жаданне змяніць свет”, - сказаў Папа Францішак, звяртаючыся да сваіх сабратоў – членаў Ордэна езуітаў, разам з якімі цэлебраваў Эўхарыстыю ў рымскім касцёле Найсвяцейшага Імя Езуса. Пантыфік наведаў яго 3 студзеня, ва ўспамін Найсвяцейшага Імя Езуса, які асабліва адзначаецца езуітамі ва ўсім свеце.
У Імшы ўдзельнічалі каля 350 членаў Ордэна езуітаў. Кожнага ўдзельніка Эўхарыстыі Папа прывітаў асабіста. Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі паведаміў, што Пантыфік зрабіў гэта для таго, каб прадэманстраваць сваё глыбокае духоўнае братэрства з імі. “Мы, езуіты, хочам быць годнымі Імя Езуса, вайскоўцамі пад штандарам Яго крыжа, і гэта значыць мець аднолькавыя пачуцці з Хрыстом. Гэта значыць думаць як Ён, любіць як Ён, бачыць як Ён, крочыць як Ён. Гэта значыць рабіць тое, што рабіў Ён, з тымі самымі пачуццямі, з пачуццямі Яго сэрца”, - сказаў Папа. Сэрца Хрыста, паводле Пантыфіка, - гэта сэрца Бога, якое з любові “спутошылася”, такім чынам і езуіты пакліканы “спустошыцца” – быць людзьмі, якія не засяроджаны на саміх сябе, а маюць адкрыты розум, каб клапаціцца пра ўсё большую хвалу Бога. Для гэтага, па словах Папы, важна захоўваць гарачае жаданне пошуку Бога.
“Трэба шукаць Бога, каб знаходзіць і знаходзіць, каб шукаць Яго яшчэ і заўсёды. Толькі гэтае імкненне прыносіць спакой у сэрца езуіта, гэтае імкненне таксама апостальскае, яно не павінна нас стаміць у абвяшчэнні керыгмы, евангелізаваць з адвагай. Гэтая няўрымслівасць рыхтуе нас да прыняцця дару апостальскай плённасці. Без гарачага жадання мы з’яўляемся бясплённымі”, - сказаў Святы Айцец.
У якасці прыкладу чалавека няўрымслівасці і вялікіх жаданняў Папа прывёў французскага езуіта Пьера Фаўрa, паплечніка св. Ігнацыя Лаёлы, культ якога нядаўна быў пашыраны на ўвесь Каталіцкі Касцёл. Пантыфік нагадаў, што гэты благаслаўлёны меў неўгамоннае сэрца і вялікае жаданне змяніць свет.
“Вось пытанне, якое мы павінны сабе паставіць: ці маем мы таксама вялікія ідэі і запал? Ці з’яўляемся мы таксама дбайнымі? Ці нашы мары лятаюць высока? Ці спальвае нас руплівасць? Або з’яўляемся павярхоўнымі і засяроджваемся на нашым апостальскім лабараторным планаванні? Будзем заўсёды памятаць: сіла Касцёла не жыве ў самой сабе і яго арганізацыйнай здольнасці, але схавана ў глыбокіх водах Бога. І гэтыя воды ўзварушаюць нашы жаданні, а жаданні пашыраюць сэрца”, - сказаў Папа.
Пантыфік нагадаў, што бл. Пьер Фаўр быў цалкам сканцэнтраваны на Богу і дзякуючы гэтаму мог ісці, у духу паслухмянасці, часта пешшу, у любую частку Еўропы, каб весці дыялог з пяшчотай і абвяшчаць Евангелле.
“Мне прыходзяць думкі пра спакусу, якую таксама можам мець мы і маюць многія – звязваць абвяшчэнне Евангелля з інквізітарскім лінчаваннем, асуджэннем. Не, Евангелле абвяшчаецца з пяшчотай, братэрствам, любоўю”, - сказаў Папа.
Святы Айцец адзначыў, што толькі будучы засяроджанымі на Богу магчыма ісці на перыферыі свету, а калі гэтага жадання няма, неабходна спыніцца і ў малітве прасіць Бога, каб Ён вярнуў былое захапленне і запал. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|