Шукаць святло Бога і не задавальняцца пасрэдным жыццём заклікаў Папа Францішак падчас Эўхарыстыі ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана, 6 студзеня, якую цэлебраваў у ватыканскай базыліцы св. Пятра.
Пантыфік звярнуў увагу на постаці трох мудрацоў, якія прыйшлі пакланіца нованароджанаму Хрысту. Зорка, якая ўзнікла не небе, “падштурхнула іх да пошуку вялікага Святла Хрыстовага”, сказаў Папа. “Гэты шлях мудрацоў з Усходу сімвалізуе лёс кожнага чалавека: для нас жыць – гэта крочыць, асветленымі святлом, якое робіць яснай дарогу да поўні праўды і любові, якую мы, хрысціяне, распазнаем у Хрысце, Святле свету”, - дадаў Святы Айцец.
Паводле Пантыфіка, сучасныя хрысціяне таксама маюць сваю зорку – Евангелле, якое неабходна чытаць і абдумваць, каб сустракацца з Езусам і Яго любоўю. Але і на гэтым шляху можна “страціць са зроку зорку”, як гэта адбылося з мудрацамі, якія сустрэлі Ірада, занепакоенага нараджэннем малога, слабога, але для яго небяспечнага “суперніка”.
“У рэальнасці Езус прыйшоў, каб скінуць не яго, маленькую марыянетку, але валадара гэтага свету! Аднак кароль і яго дарадчыкі адчувалі скрыпенне рыштаванняў іх улады, баяліся, што будуць зменены правілы гульні, зняты маскі. Увесь свет, пабудаваны на панаванні, поспеху, валоданні, карупцыі, быў пастаўлены пад сумніў Дзіцяткам! І Ірад дайшоў да таго, што пачаў забіваць дзяцей”, - сказаў Папа.
Па словах Пантыфіка, мудрацы здолелі не трапіць у пастку Ірада, таму што мелі “святую разважлівасць”. Папа заклікаў браць прыклад з іх і захоўваць сваю веру ад цемры, распазнаваць цемру, нават калі яна выдае сябе за святло. “Будзем вучыцца не задавальняцца пасрэдным жыццём (…) дазволім прывабіць нас таму, што з’яўляецца добрым, сапраўдным, прыгожым (...) Богам”, - сказаў Святы Айцец. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|