Папа сустрэўся з членамі Камітэта па культурным супрацоўніцтве з Праваслаўнымі Цэрквамі візантыйскага абраду і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі | Друк |
Святы Айцец
11.01.2014 18:06

11 студзеня Папа Францішак сустрэўся з членамі Камітэта па культурным супрацоўніцтве з Праваслаўнымі Цэрквамі візантыйскага абраду і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі. Святы Айцец павіншаваў супрацоўнікаў гэтай ватыканскай структуры з 50-годдзем і нагадаў, што Другі Ватыканскі Сабор яшчэ не быў завершаны, калі Павел VI прыняў рашэнне заснаваць камітэт.

Па словах Папы Францішка, гэты Пантыфік добра разумеў важнасць шляху прымірэння і аднаўлення братэрства паміж Цэрквамі і неабходнасць сяброўства і абмену вопытам. Дзякуючы дабрачынцам за апошнія паўстагоддзі структура дапамагла шматлікім праваслаўным вернікам, якія жадалі праводзіць свае тэалагічныя даследаванні ў акадэмічных установах Каталіцкага Касцёла, а таксама падтрымала іншыя праекты экуменічнага супрацоўніцтва, нагадаў Папа, падзякаваў усім мецэнатам, якія падтрымлівалі і падтрымліваюць камітэт, і заклікаў далей працягваць гэту высакародную місію.

На сустрэчы з Пантыфікам прысутнічалі таксама студэнты-стыпендыяты Камітэта па культурным супрацоўніцтве. Святы Айцец скіраваў да іх сваё асабістае прывітанне, падкрэсліўшы, што тэалагічныя даследаванні маладых навукоўцаў і іх знаходжанне ў каталіцкім асяроддзі важныя для дыялогу паміж Цэрквамі “сёння і асабліва заўтра”. “Я дзякую Богу, за тое, што Ён дае мне гэтую выдатную магчымасць сустрэцца з вамі і сказаць вам, што Біскуп Рыма любіць вас”, - сказаў Папа і выказаў спадзяванне, што кожны з праваслаўных студэнтаў атрымае “радасны досвед Касцёла і Рыма з пункту гледжання ўзбагачэння духоўнай і культурнай спадчыны” і не будзе адчуваць сябе тут госцем, “але братам сярод братоў”. Пантыфік падкрэсліў, што стыпендыяты камітэта з’яўляюцца багаццем для каталіцкай навуковай супольнасці.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by