Папа Францішак: мы пакліканы не адмаўляцца ад нашага экуменічнага намагання | Друк |
Святы Айцец
17.01.2014 13:08

17 студзеня Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі экуменічную дэлегацыю з Фінляндыі. Сустрэча была прымеркавана да свята апекуна гэтай краіны св. Генрыха Упсальскага, якое будзе адзначацца 19 студзеня.

У сваёй прамове Пантыфік заклікаў не спыняцца на экуменічным шляху і засяродзіцца на абвяшчэнні цэнтральнага паслання хрысціянскай веры – любові Божай. Папа нагадаў словы апостала Паўла, скіраваныя да карынцянаў: “Хіба падзяліўся Хрыстус?” “Гэтае пытанне было выбрана ў якасці тэмы Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, які пачнецца заўтра. Сёння яно скіравана да нас – тое самае пытанне. Перад некаторымі галасамі, якія больш не прызнаюць дасягальнай мэтай поўнае і бачнае адзінства Касцёла, мы пакліканы не адмаўляцца ад нашага экуменічнага намагання, будучы верным якому, сам Пан Езус усклікаў да Айца: “каб усе былі адно””, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што сёння экуменізм і адносіны паміж хрысціянамі перажываюць “значныя перамены”, звязаныя з неабходнасцю вызнаваць веру “ў кантэксце грамадства і культуры, у якіх заўсёды менш прысутнічае зварот да Бога і ўсяго таго, што ўсклікае да трасцэндэнтнага вымярэння жыцця”. “Мы заўважаем гэта перш за ўсё ў Еўропе, але не толькі”, - падкрэсліў Пантыфік.

“Менавіта па гэтай прычыне неабходна, каб наша сведчанне засяродзілася на цэнтры нашай веры, на абвяшчэнні любові Бога, якая праявілася ў Хрысце, Яго Сыне. Тут знойдзем прастору для росту ў еднасці і адзінстве паміж намі, спрыяючы духоўнаму экуменізму, які нараджаецца непасрэдна ад запаведзі любові, пакінутай Езусам сваім вучням”, - сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што экуменізм – гэта духоўны працэс, які рэалізуецца ў вернай паслухмянасці Айцу, у спаўненні волі Хрыста і пад кіраўніцтвам Святога Духа.

Традыцыйныя візіты экуменічнай дэлегацыі з Фінляндыі ў Ватыкан з нагоды свята св. Генрыха пачаліся яшчэ падчас Пантыфікату Яна Паўла ІІ.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by