Пантыфік благаславіў ягнят, з воўны якіх будуць зроблены паліі | Друк |
Святы Айцец
21.01.2014 16:38

21 студзеня Папа Францішак благаславіў двух ягнят, з воўны якіх будуць зроблены паліі – элементы літургічнага адзення ў выглядзе вузкай стужкі з белай авечай воўны з вышытымі чорнымі крыжамі і абшытымі чорным шоўкам кавалачкамі свінца. Традыцыя благаслаўлення ягнят у гэты дзень звязана са святкаваннем успаміну св. Агнешкі – маладой рымлянкі, якая аддала жыццё за Хрыста на мяжы ІІІ-IV стагоддзяў. У іканаграфіі яна прадстаўлена з ягнём на руках.

Паліямі Святы Айцец адорвае новых арцыбіскупаў мітрапалітаў. Гэта адбываецца штогод 29 чэрвеня, на свята святых апосталаў Пятра і Паўла.

Гэты элемент літургічнай вопраткі сімвалізуе паслухмянасць Пантыфіку і асаблівую блізкасць да Святога Пасаду. Насіць палій мае права Святы Айцец падчас кожнай літургіі, а таксама адзначаныя асаблівым гонарам іерархі Касцёла на вялікія святы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by