Папа Францішак уласнаручна напісаў ліст на Дзень памяці ахвяр Халакоста | Друк |
Святы Айцец
27.01.2014 16:09

“Каб ніколі не паўтарыліся падобныя жахі, якія з’яўляюцца ганьбай для чалавецтва”, - адзначыў Папа Францішак ва ўласнаручна напісаным лісце да свайго сябра, рабіна Буэнас-Айрэса Абрагама Скоркі, на Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста, які адзначаецца 27 студзеня. Пантыфік абраў асабісты спосаб - ліст да чалавека, сяброўства з якім выходзіць далёка за рамкі дыялогу паміж дзвюма рэлігіямі, - каб выказаць блізкасць да яўрэйскага народа.

У лісце на іспанскай мове, які будзе чытацца вечарам 27 студзеня ў Рыме падчас канцэрту “Скрыпкі надзеі”, арганізаванага ў памяць аб ахвярах Халакоста, Папа выказвае надзею, што слухачы гэтай пранізлівай музыкі будуць “ідэнтыфікаваць сябе з тымі гістарычнымі слязьмі, якія сёння прыходзяць да нас праз гучанне скрыпак, і адчуваць моцнае жаданне спрыяць таму, каб ніколі не паўтарыліся падобныя жахі, якія з’яўляюцца ганьбай для чалавецтва”.

Па словах Пантыфіка, удзельнікі канцэрту, слухаючы музыку Вівальдзі, Бетховена і іншых вялікіх кампазітараў, адчуюць, што “ўнутры гукаў жывой музыкі ціха гучаць гістарычныя слёзы”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by