Кожны тыдзень у ватыканскі Дом св. Марты на адрас Папы Францішка прыходзіць каля 30 паштовых мяшкоў, а ў іх некалькі тысяч лістоў і пасылак. Паколькі сам Папа не можа прачытаць усё, яму дапамагае каманда з чатырох
чалавек пад кіраўніцтвам кс.
Джуліяно Галарыні.
“Людзі просяць Папу Францішка перш за ўсё аб умацаванні і малітве, - паведаміў святар. - Многія пішуць яму пра свае праблемы і хваробы. Просяць малітвы за дзяцей. Пішуць пра матэрыяльныя цяжкасці. Мы хочам, каб гэтыя людзі мелі магчымасць адчуць блізкасць Папы, які цікавіцца іх цярпеннем, іх праблемамі і моліцца за іх усіх”. Ксёндз Галарыні дадаў, што часам, наколькі гэта магчыма, лісты адпраўляюцца ў іншыя органы Святога Пасаду, напрыклад, просьбы аб фінансавай дапамозе - у мясцовыя аддзяленні “Caritas”, якія лепш могуць разабрацца ў сітуацыі і эфектыўна адрэагаваць.
Некаторыя з тысяч лістоў, якія кожны тыдзень прыходзяць на імя Пантыфіка, ідуць на стол самога Святога Айца. Іх выбар з’яўляецца адказнай задачай, прызнаўся кс. Галарыні. “Гаворка ідзе пра найбольш далікатныя выпадкі, напрыклад, пытанні, звязаныя з сумленнем. Тады рыхтуецца рэзюмэ і праз сакратароў дастаўляецца Папу, каб ён сам пазнаёміўся з гэтым, прачытаў і падказаў, як мы павінны адказаць”, - паведаміў святар, адзначыўшы што падобная праца патрабуе вялікай неабыякавасці, каб прачытаць гэтыя лісты сэрцам і знайсці словы, што найбольш поўна адлюстроўваюць волю Папы, які жадае сведчыць людзям блізкасць і спагаду. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|