Папа Францішак: мэта вучэння Касцёла — служыць Божаму Народу і забяспечваць веры моцны фундамент | Друк |
Святы Айцец
31.01.2014 15:07

31 студзеня Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі кіраўнікоў і супрацоўнікоў Кангрэгацыі Веравучэння. Сустрэча была прымеркавана да заканчэння пленарнага пасяджэння ведамства. Звяртаючыся да прысутных, Пантыфік адзначыў важнасць развіцця і абароны каталіцкай веры і абрадаў, што з’яўляецца непасрэдным заданнем гэтай кангрэгацыі.

“Калі вера ззяе ва ўсёй сваёй прастаце і першапачатковай чысціні, таксама і касцёльная рэальнасць становіцца месцам, у якім Божае жыццё праяўляецца ва ўсім сваім зачараванні і прыносіць плёны. Вера ў Езуса Хрыста, сапраўды, раскрывае сэрцы на Бога, адкрывае прасторы чалавечага існавання на Праўду, Дабро і Прыгажосць, якія паходзяць ад Яго”, - сказаў Папа. Святы Айцец заўважыў, што з самага пачатку існавання Касцёла былі спакусы разумець касцёльнае вучэнне ў ідэалагічным сэнсе ці абмяжоўваць яго зборам абстрактных і выкрышталізаваных тэорый.

“У рэальнасці вучэнне мае адзіную мэту – служыць жыццю Божага Народа і забяспечваць нашай веры моцны фундамент. Вялікай з’яўляецца спакуса зрабіць уласнымі дары збаўлення, якія паходзяць ад Бога, каб атаясаміць іх – магчыма, нават з добрымі намерамі, – з бачаннем і духам свету”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец нагадаў членам Кангрэгацыі Веравучэння пра важнасць калегіяльнасці і дыялогу ў працы. “Я перакананы, што чым больш калегіяльнасць будзе станавіцца яскравай прыкметай нашай дзейнасці, тым больш заззяе перад светам святло нашай веры”, - сказаў Папа.

Закранаючы адну з галоўных тэм, якую члены ведамства абмяркоўвалі падчас свайго пасяджэння – адносіны паміж верай і сакрамэнтам сужэнства, - Пантыфік адзначыў яе асаблівую важнасць у зменлівым культурным кантэксце сучаснасці. Папа падзякаваў кангрэгацыі за працу па барацьбе з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле. “Клапаціцеся пра дзяцей і моладзь, якія ў хрысціянскай супольнасці заўсёды павінны быць абаронены і падтрыманы ў чалавечым і духоўным росце”, - сказаў Святы Айцец.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by