Святы Айцец: Езус выходзіць нам насустрач у Касцёле праз арыгінальны харызмат манаства | Друк |
Святы Айцец
02.02.2014 19:03

Па словах Папы Францішка, свята Ахвяравання Пана мае сімволіку сустрэчы маладых, напоўненых радасцю ў захаванні Закону Пана, і старых, поўных радасці з-за дзеяння Святога Духа; гэта выключная сустрэча назірання і прароцтва, дзе маладыя з’яўляюцца гледачамі, а старыя прарокамі. Пра сцэну сустрэчы Святой Сям’і з Сімяонам і Ганнай казаў Пантыфік падчас Імшы 2 лютага ў ватыканскай базыліцы.

Спасылаючыся на евангельскую сцэну Ахвяравання ў святыні, Папа адзначыў, што Маці Божая і св. Юзаф жадалі выканаць загады Закону Пана, з радасцю захоўвалі Божыя запаведзі, і гэта не было для іх нечым “знешнім” - яны рабілі гэта не для таго, каб адчуваць сябе ў парадку адносна Бога: тут было “моцнае жаданне, глыбокае і поўнае радасці”.

Пра Сімяона і Ганну, якіх Марыя і Юзаф сустрэлі ў святыні, Пантыфік сказаў: “Гэтыя два старцы поўныя жыцця! Яны напоўнены жыццём, таму што Святы Дух ажыўляе іх, яны паслухмяныя Яго дзеянню, адчувальныя на Яго заклік”. Гаворачы пра Дзень кансэкраванага жыцця, які адзначаецца 2 лютага ў Касцёле, Святы Айцец заўважыў, што “Езус выходзіць нам насустрач у Касцёле праз арыгінальны харызмат” манаскага інстытуту. “Варта падумаць такім чынам аб нашым пакліканні! Наша сустрэча з Хрыстом набыла сваю форму ў Касцёле праз харызмат аднаго з Яго сведкаў. Гэта заўсёды захапляе нас і прымушае дзякаваць Богу”, - сказаў Пантыфік, звяртаючыся да законнікаў і законніц, сабраных у базыліцы св. Пятра.

Нагадваючы пра евангельскі феномен маладосці і старасці, Папа заўважыў, што у кансэкраваным жыцці таксама адбываецца сустрэча паміж маладымі і пажылымі. “Не трэба ўспрымаць гэта як дзве процілеглыя рэальнасці! Наадварот, давайце дазволім Святому Духу ажывіць адну і другую, а знакам гэтага з’яўляецца радасць: радасць захавання, імкнення па шляху рэгулы жыцця, радасць быцця вядомымі Святым Духам, ніколі не будучы бескампраміснымі, зачыненымі, заўсёды застаючыся адкрытымі на голас Бога, які кажа, адкрывае, вядзе”, - сказаў Святы Айцец. Па словах Пантыфіка, добра, каб старэйшыя перадавалі маладым мудрасць, а маладыя прымалі гэту спадчыну досведу, несучы яе ў будучыню.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by