Больш за 20 тысяч нарачоных чакаецца на сустрэчы з Папам Францішкам | Друк |
Святы Айцец
13.02.2014 13:32

Больш за 20 тысяч нарачоных чакаецца 14 лютага на плошчы св. Пятра на сустрэчы з Папам Францішкам, праінфармавала Папская рада па справах сям’і. Аб удзеле ў сустрэчы ўжо паведамілі прадстаўнікі 28 краін.

Па словах старшыні Папскай рады арцыбіскупа Вінчэнца Пальі, поспех ініцыятывы, абвешчанай тры тыдні таму, стаў абсалютна непрадказальным, і гэта дэманструе, што ёсць маладыя людзі, якія жадаюць кахання назаўсёды і Божага благаслаўлення ў сямейным жыцці, хоць свет, у якім яны жывуць, не верыць, што сужэнства павінна быць непарыўным.

Арцыбіскуп Вінчэнца Палья адзначыў, што сёння выбар сужэнства пастаянна адкладаецца ў чаканні вырашэння ўсіх праблем. Іерарх нагадаў, што на самой справе двое маладых людзей стварае сям’ю, “каб пабудаваць будучыню разам, вырашаць праблемы разам, будаваць разам дом для сябе і сваіх дзяцей”. Старшыня Папскай рады лічыць, што палітычныя лідары павінны быць нашмат больш уважлівымі да выбару маладых людзей заключыць сужэнства, з увагай ставіцца да палітыкі сям’і і працы, бо сям’я, пабудаваная ў маладосці, з’яўляецца багаццем грамадства.

Сустрэча пачнецца 14 лютага ў 11.00. Нарачоным прапануюць праграму, якая будзе ўключаць у сябе сведчанні, спевы і вершы пра каханне. У 12.00 на ватыканскую плошчу прыбудзе Папа Францішак, пачнецца дыялог паміж ім і трыма парамі закаханых, у якім пойдзе гаворка пра цяжкасці, што перажываюць нарачоныя, робячы канчатковы выбар, пра якасці хрысціянскай сям’і, пра стыль цэлебрацыі сакрамэнту сужэнства. Сустрэчу завершыць малітва, складзеная спецыяльна да гэтай падзеі, і благаслаўленне Папы, пасля чаго маладыя людзі атрымаюць спецыяльны падарунак.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by