Святы Айцец: каталіцкая адукацыя – адзін з самых важных выклікаў для Касцёла | Друк |
Святы Айцец
13.02.2014 15:24

“Каталіцкая адукацыя – гэта адзін з самых важных выклікаў для Касцёла, занятага новай евангелізацыяй у культурным і гістарычным кантэксце”, - сказаў Папа Францішак падчас сустрэчы з членамі Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі. Аўдыенцыя адбылася 13 лютага з нагоды пленарнага пасяджэння гэтага ведамства.

Святы Айцец вылучыў тры аспекты, актуальныя для гэтай сферы. У першую чаргу, па словах Пантыфіка, неабходна памятаць пра каштоўнасць дыялогу. Папа нагадаў, што, нягледзячы на вялікую колькасць прадстаўнікоў іншых веравызнанняў у каталіцкіх школах і інстытутах, пакліканнем гэтых устаноў з’яўляецца знаёмства з “хрысціянскай прапановай” – прадстаўленне Езуса Хрыста ў якасці сэнсу жыцця, сусвету і гісторыі. Яно павінна адбывацца з павагай да свабоды кожнага і метадамі, уласцівымі навучальным асяроддзям, падкрэсліў Пантыфік.

Іншым важным аспектам, на думку Святога Айца, з’яўляецца кваліфікаваная падрыхтоўка выхавацеляў. “Выхавацель у каталіцкіх школах павінен быць перш за ўсё кампетэнтным, кваліфікаваным”, - адзначыў Папа і дадаў, што не трэба забывацца аб чалавечым і педагагічным аспекце ў камунікацыі з моладдзю. Моладзь, падкрэсліў Папа, мае патрэбу не толькі ў тым, каб каштоўнасці абвяшчаліся, але і каб сведчыліся. Пантыфік заклікаў больш “інвеставаць” у прафесійную і духоўную падрыхтоўку каталіцкіх настаўнікаў і выкладчыкаў.

Святы Айцец таксама адзначыў важнасць узаемадзеяння каталіцкіх і касцёльных навучальных устаноў са светам: яны не павінны ізаляваць сябе, але “з адвагай узыходзіць на арэапаг сучасных культур і ўключацца ў дыялог, усведамляючы дар, які могуць перадаць іншым”.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by