Папа сустрэўся на плошчы св. Пятра з тысячамі нарачоных з розных краін | Друк |
Святы Айцец
14.02.2014 15:59

Па словах Папы Францішка, сучасная моладзь баіцца рабіць выбар на ўсё жыццё, гэта здаецца ім немагчымым, і такое мысленне перашкаджае многім, хто рыхтуецца да сужэнства. 14 лютага Пантыфік сустрэўся на плошчы св. Пятра з тысячамі нарачоных і адказаў на тры пытанні маладых людзей: яны датычылі страху перад саюзам назаўсёды, “стылю” сужэнскага жыцця і формы цэлебрацыі сужэнства.

Святы Айцец адзначыў, што каханне – гэта “не проста пачуццё, фізічны або псіхічны стан”: гэта адносіны, рэальнасць, якая развіваецца, а выключаць у сужэнстве гэтае “назаўсёды” – значыць будаваць дом на пяску. Вылечыць страх перад “назаўсёды” можна толькі абапіраючыся на Хрыста, падкрэсліў Святы Айцец, бо толькі Езус дапаможа перамагчы цяжкасці, якія, напэўна, будуць у сямейным жыцці; толькі Ён здольны “кожны дзень абнаўляць і ўмацоўваць” каханне, таму тут грае ролю супольная малітва нарачоных і сужэнцаў.

“Стыль” сужэнства, паводле Папы, грунтуецца на трох словах: “дазволь”, “дзякуй” і “прабач”. Па словах Пантыфіка, “жыць разам – гэта мастацтва, цярплівы шлях, прыгожы і абаяльны”, і трэба ўсведамляць, што з заключэннем сужэнства ён толькі пачынаецца. Гэтае штодзённае падарожжа мае свае правілы, звярнуў увагу нарачоных Святы Айцец, таму гэтым тром словам варта вучыцца ўжо зараз.

Цэлебрацыя сужэнства павінна адлюстроўваць атмасферу сапраўднага хрысціянскага свята, а не свецкай імпрэзы, звярнуў увагу Папа. Падчас яе павінна адчувацца “прысутнасць Пана, які адкрывае і дае сваю ласку”, раскрывае сакрэт поўнай радасці. Сама ўрачыстасць, паводле Святога Айца, павінна быць стрыманай, бо некаторыя больш занепакоены яе знешнімі прыкметамі: гэтыя рэчы важныя, але толькі тады, калі яны разглядаюцца ў кантэксце сапраўднай прычыны радасці – Божага благаслаўлення любові.

Некалькі дзясяткаў тысяч нарачоных з прыкладна 30 краін свету сабраліся 14 лютага 2014 г. на плошчы св. Пятра. Сустрэча пачалася праграмай, якая ўключыла ў сябе сведчанні, спевы і вершы пра каханне. На заканчэнне прагучала малітва, складзеная спецыяльна да гэтай падзеі самімі нарачонымі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by