Святы Айцец у рымскай парафіі: будзем памятаць, што забруджвае жыццё тое зло, якое выходзіць з нашага сэрца | Друк |
Святы Айцец
17.02.2014 13:54

16 лютага Папа Францішак наведаў парафію Св. Тамаша Аквінскага ў Рыме. Візіт Пантыфіка быў прымеркаваны да 50-годдзя парафіі і прайшоў у цёплай, сямейнай атмасферы.

На пачатку Святы Айцец звярнуўся да самых маленькіх парафіян, падзяліўшыся з імі надзейным “рэцэптам” плённага жыцця верай. Паводле Папы, каб навучыцца любіць Хрыста, трэба адкрыцца на Яго любоў. “Гэта Ён працуе, а не мы! Ён любіць першым!” - нагадаў Пантыфік.

Затым Папа сустрэўся з вернікамі, якія прынялі сакрамэнт хросту на працягу некалькіх апошніх месяцаў, з бацькамі, пажылымі людзьмі, хворымі, святарамі і членамі Асацыяцыі сем’яў з дзецьмі-інвалідамі. Перад пачаткам Эўхарыстыі Святы Айцец паспавядаў пяць парафіянаў.

У гаміліі, прамоўленай без загадзя напісанага тэксту, Папа адзначыў, што адносіны паміж людзьмі, асабліва жыхарамі аднаго раёна, павінны натхняцца крытэрыямі праўды і шчырасці. Пантыфік нагадаў, што плёткамі можна “забіць” бліжняга, і таму параіў вернікам у праўдзе перад самімі сабой паразважаць, што яны носяць у сэрцы: любоў ці нянавісць, прабачэнне ці жаданне помсты. “Мы павінны спытаць сябе, што маем унутры, таму што гэта выходзіць вонкі і робіць зло, калі злое; а калі добрае – выходзіць і робіць дабро”, - сказаў Святы Айцец.

Такі шлях, па словах Пантыфіка, нялёгкі, і каб ісці ім, неабходна малітва і Божая дапамога. “Прасіце заўсёды аб гэтай ласцы: ведання аб тым, што здараецца ў маім сэрцы, каб заўсёды рабіць правільны выбар, выбіраць дабро. Будзем памятаць, што забруджвае наша жыццё тое зло, якое выходзіць з нашага сэрца”, - заклікаў вернікаў Папа Францішак.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by