“Касцёл мае патрэбу ў вас, у вашым супрацоўніцтве і, перш за ўсё, вашай камуніі са мной і паміж вамі”, - сказаў Папа Францішак падчас звычайнага публічнага кансісторыя па ўзвядзенні новых кардыналаў у базыліцы св. Пятра 22 лютага. Звяртаючыся да Калегіі кардыналаў, Пантыфік адзначыў, што Касцёл патрабуе іх адвагі ў абвяшчэнні Евангелля, іх малітвы, “якая разам з абвяшчэннем слова з’яўляецца першай задачай біскупа”, іх адчувальнасці, “асабліва ў гэты час болю і пакут у многіх краінах па ўсім свеце”.
Новыя кардыналы паходзяць з 15 краін. Восем прадстаўляюць Еўропу, з якіх пяць паходзяць з Італіі, а іншыя – з Германіі, Вялікабрытаніі, і Іспаніі; сем – Паўночную і Паўднёвую Амерыкі – Канаду, Нікарагуа, Гаіці, Антыльскія астравы, Чылі, Бразілію і Аргенціну; два – Афрыку: Кот-д’Івуар і Буркіна-Фасо, два – Азію: Паўднёвую Карэю і Філіпіны.
Святы Айцец абвясціў імёны новых кардыналаў 12 студзеня падчас сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Гэта арцыбіскуп Пьетро Паралін, Дзяржсакратар Яго Святасці Папы; арцыбіскуп Ларэнца Балдзісэры, генеральны сакратар Сіноду Біскупаў; арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння; арцыбіскуп Беньяміна Стэла, прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства; арцыбіскуп Вэстмінстэра з Вялікабрытаніі Вінцэнт Нікалс; арцыбіскуп Манагуа з Нікарагуа Леапольда Хасэ Саларсана; арцыбіскуп Квэбэка з Канады Жэраль Сіпрыян Лакруа; арцыбіскуп Абіджану з Кот д’Івуара Жан-П’ер Кутва; арцыбіскуп Рыа-дэ-Жанейра з Бразіліі Арані Тэмпеста; арцыбіскуп Перуджы з Італіі Гвальцьеро Басэці; арцыбіскуп Буэнас-Айрэса з Аргенціны Марыё Аўрэліё Полі; арцыбіскуп Сеула з Карэі Андру Ём Су Чжун; арцыбіскуп Санцьяга з Чылі Рыкарда Эсаці Андрэла; арцыбіскуп Уагадугу з Буркіна-Фасо Філіпэ Накелентуба Уэдраога; арцыбіскуп Катабата з Філіпін Арланда Уэвэда; біскуп Ле-Ке з Гаіці Шылбі Ланглуа.
У кардынальскую калегію ўвойдуць таксама тры арцыбіскупы на пенсіі, якія вызначыліся сваім служэннем Святому Пасаду і Касцёлу: арцыбіскуп Лорыс Франчэска Капавіла, арцыбіскуп Фернанда Себасцьян Агілар і арцыбіскуп Кельвін Эдвард Фелікс.
Гэта першы для Папы Францішка кансісторый па ўзвядзенні новых кардыналаў. Яго папярэднік Бэнэдыкт XVI склікаў іх пяць разоў, Ян Павел ІІ – дзевяць.
Святы Айцец, звяртаючыся да кардыналаў, заклікаў іх быць людзьмі міру праз іх дзеянні, жаданні і малітвы. Па словах Пантыфіка, Езус заўсёды ідзе перад сваім Касцёлам, “ідзе перад намі і адкрывае нам шлях”, і “наш давер і радасць у тым, што мы Яго вучні, мы разам з Ім, ідзём следам за Ім, наследуем Яго”. Слова “вандраванне” з’яўляецца ключавым у адносінах з Хрыстом, дадаў Святы Айцец. Па словах Папы, “Езус шмат хадзіў і вучыў сваіх вучняў ў дарозе”, і важна зразумець, што “Ён прыйшоў навучаць не нейкай філасофіі або ідэалогіі, але “шляху”, якім трэба ісці з Ім”. Падарожнічаць з Хрыстом – гэта радасць, як адзначыў Пантыфік, але “гэта не так проста, гэта не зручна, таму што дарога, якую абірае Езус, з’яўляецца шляхам крыжа”. Аднак “мы ведаем, што Ён перамог, і мы не павінны баяцца крыжа, у крыжы наша надзея”.
Святы Айцец перасцярог ад “ментальнасці гэтага свету”, праз якую ў Касцёл уваходзяць “суперніцтва, зайздрасць, фракцыі”. Таму, дадаў Папа, трэба дазваляць Хрысту “клікаць нас да сябе”, каб слухаць Яго, з радасцю прымаючы Яго слова, і гэта дазволіць прабываць з “адным сэрцам і адной душой вакол Яго”. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|