Папа Францішак: Божаму народу патрэбны біскупы, якія б глядзелі на яго з шырынёй Божага сэрца | Друк |
Святы Айцец
27.02.2014 16:05

27 лютага Папа Францішак сустрэўся з удзельнікамі асамблеі Кангрэгацыі па справах Біскупаў. Па словах Пантыфіка, каталіцкі іерарх - гэта “мучанік Уваскрослага Хрыста”, яго жыццё і яго служэнне павінны ўзбуджаць у іншых веру ва Уваскрасенне і ён павінен мець мужнасць аддаць сваё жыццё за паству.

Як адзначыў Святы Айцец, звяртаючыся да ўдзельнікаў сустрэчы, Божаму народу патрэбны біскупы, якія б глядзелі на яго “з шырынёй Божага сэрца”, а не асобы накшталт упраўленцаў або дырэктараў кампаній, патрэбны хтосьці, хто ведае, як глядзець на рэчаіснасць Божым позіркам. “Адмова ад сябе і самаахвяраванне”, па словах Папы, павінны быць прапісаны ў “ДНК” біскупа.

Пантыфік нагадаў пра якасці, якімі павінен адзначацца кандыдат да біскупскага служэння. Чалавечая цэласнасць асобы біскупа, звярнуў увагу Папа, забяспечвае здольнасць здаровых і збалансаваных адносін, дазваляе не праецыраваць на іншых сваіх недахопаў і не станавіцца фактарам нестабільнасці. Хрысціянская трываласць біскупа садзейнічае братэрству і добрым адносінам, яго культурны ўзровень дазваляе яму мець зносіны з людзьмі і іх культурай, яго вернасць праўдзе мацуе Касцёл, а яго кіраўнічыя здольнасці, адзначаныя бацькоўскай цвёрдасцю, забяспечваюць аўтарытэт.

Касцёл, адзначыў Папа, не мае патрэбы ў апалагетах уласных інтарэсаў і барацьбітоў у прыватных бітвах, але ў сціплых сейбітах і абаронцах праўды. Біскуп, дадаў Пантыфік, павінен быць чалавекам малітвы і сапраўдным пастырам.

На заканчэнне сваіх разважанняў Папа задаў пытанне: “Дзе мы можам знайсці такіх людзей? (...) Як выбраць такіх?” “Упэўнены, што яны ёсць, таму што Пан не пакідае свой Касцёл”, - сказаў Святы Айцец і дадаў, што, магчыма, дагэтуль недастаткова патэнцыялу было ўкладзена ў пошук такіх асоб.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by