Папа: Касцёлу патрэбныя святары, якія не баяцца сутыкнуцца з праблемамі сучаснага чалавека | Друк |
Святы Айцец
06.03.2014 14:59

6 сакавіка ў ватыканскай Зале Паўла VI Папа Францішак сустрэўся з пробашчамі Рымскай дыяцэзіі. У прамове да іх Пантыфік разважаў пра міласэрнасць - рысу, патрэбную асабліва святару.

Папа адзначыў важнасць разумення святаром гэтай рэчаіснасці Божай міласэрнасці. “Гэта наша заданне, як слугаў Касцёла, падтрымліваць жывым гэтае пасланне, перш за ўсё прапаведваннем і жэстамі, знакамі, душпастырскім падыходам, напрыклад, надаючы прыярытэтнае значэнне сакрамэнту пакаяння і адначасова ўчынкам міласэрнасці”, - сказаў Святы Айцец. Святар, па словах Пантыфіка, павінен быць чалавекам міласэрнасці і спачування, сапраўдным уцелаўленнем вобразу Езуса Добрага Пастыра, асабліва блізкага да грэшнікаў, хворых, пакінутых. Папа падкрэсліў, што святары даюць сведчанне аб міласэрнасці ў першую чаргу праз сакрамэнт пакаяння – сваім стаўленнем да верніка, здольнасцю слухаць яго і даваць параду. Тут важна таксама, каб сам святар жыў гэтым сакрамэнтам.

Паводле Святога Айца, Касцёлу патрэбныя святары, якія не баяцца сутыкнуцца з праблемамі і рэаліямі сучаснага чалавека, бо Касцёл – гэта сёння “палявы шпіталь”, у якім трэба залечваць раны. “Ёсць шмат параненых матэрыяльнымі праблемамі, скандаламі, у тым ліку і ў Касцёле, людзей, параненых ілюзіямі гэтага свету”, - адзначыў Папа, дадаўшы, што святары павінны быць сярод іх. “Міласэрнасць азначае, перш за ўсё, лячэнне ранаў”, - заўважыў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу таксама на тое, што, удзяляючы сакрамэнт пакаяння, святары павінны пазбягаць крайнасцяў: не быць празмерна халоднымі і строгімі або, наадварот, занадта мягкімі, памяншаючымі значэнне граху. Залішнія строгасць і мягкасць, паводле Папы, не спрыяюць святасці ні святара, ні верніка, і гэтага можа дасягнуць толькі праз добра разуметую міласэрнасць, уважлівае слуханне, паважлівы і праўдзівы падыход да сітуацыі чалавека і суправаджэнне яго на шляху прымірэння.

Святы Айцец заклікаў святароў браць на сябе пакуты вернікаў, “плакаць разам з імі”, як бацькі плачуць разам са сваімі дзецьмі, маліцца і заступацца за іх перад Богам, як рабіў Майсей. Папа нагадаў пра прыклад добрага самараніна, які не саромеўся наблізіцца да параненага, адкрыў сэрца і перамяніў свае эмоцыі ў канкрэтную дапамогу. “Напрыканцы часоў праслаўленае цела Езуса будзе дазволена сузіраць тым, хто не саромеўся цела свайго параненага і адкінутага брата”, - дадаў Пантыфік.

Напрыканцы сваёй прамовы Папа прызнаўся, што заўсёды носіць з сабой крыжык, які нагадвае яму пра аднаго аргенцінскага святара, што часта спавядаў іншых святароў і стаў для яго сапраўдным прыкладам міласэрнасці. Святы Айцец заклікаў удзельнікаў сустрэчы шукаць такія прыклады міласэрнасці.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by