Завяршыліся рэкалекцыі з удзелам Папы і супрацоўнікаў Рымскай Курыі | Друк |
Святы Айцец
15.03.2014 14:28

Пасля пяцідзённых велікапосных рэкалекцый Папа Францішак вярнуўся 14 сакавіка ў Ватыкан. У кароткім заключным слове да супрацоўнікаў Рымскай Курыі, якія разам з ім удзельнічалі ў духоўных практыкаваннях, Пантыфік апісаў час, праведзены ў рэкалекцыйным цэнтры Арыча, як вялікі здабытак, калі Бог сеяў добрае насенне свайго слова ў душах удзельнікаў.

“Пан пашле дождж, і гэтае насенне будзе расці. Яно будзе ўзрастаць і прыносіць плён”, - сказаў Святы Айцец, а таксама дадаў, што кожны патрабуе навяртання, бо “ўсе мы грэшнікі, але ўсе мы жадаем ісці за Езусам”.

Пантыфік выказаў асаблівую падзяку кс. Анджэло Дэ Данацісу, які праводзіў штодзённыя малітоўныя сустрэчы і дзяліўся сваімі разважаннямі. Апошні этап духоўных практыкаванняў рэкалекцыяніст прысвяціў постаці Пятра, адзначыўшы, што адрачэнне апостала ў ноч перад мукай Езуса мела тры “ўзроўні” – адмаўленне ад Бога, Касцёла і самога сябе, але Езус нават у такой бездані дорыць прабачэнне, без аніякіх умоў. Па словах прапаведніка, сапраўдны вопыт веры нараджаецца тады, калі вернік перастае ўспрымаць Касцёл у якасці “супермаркету маральных каштоўнасцяў” і пачынае набываць асабісты досвед міласэрнасці.

Сёлетнія рэкалекцыі адмыслова вёў парафіяльны святар, а не адзін з іерархаў, як гэта было ў мінулым. Упершыню яны праходзілі не ў Ватыкане і не ў Рыме, а ў невялікім мястэчку Арыча ў 30 км ад італьянскай сталіцы. Каб дабрацца туды, Папа не выкарыстоўваў верталёт, як гэта адбываецца звычайна, а адправіўся на духоўныя практыкаванні на аўтобусе разам з іншымі ўдзельнікамі, іерархамі і святарамі Рымскай Курыі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by