Папа Францішак да кіраўніка УГКЦ: «Апостальская Сталіца зробіць усё, каб зберагчы мір ва Усходняй Еўропе» | Друк |
Святы Айцец
18.03.2014 13:13

17 сакавіка Святы Айцец Францішак прыняў на асабістай аўдыенцыі кіраўніка Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы архіепіскапа Святаслава Шаўчука.

Па паведамленні Дэпартамента інфармацыі УГКЦ, архіепіскап распавёў пра падзеі, якія адбыліся ва Украіне на працягу апошніх месяцаў. Было падкрэслена, што УГКЦ у гэты цяжкі час была са сваім народам, пастыры разам з вернікамі перажылі ўсю драму грамадскага супрацьстаяння і працягваюць служыць свайму народу адпаведна іх патрэбам.

Асобна кіраўнік УГКЦ прааналізаваў міжканфесійныя адносіны ва Украіне і дзейнасць Усеўкраінскай Рады Цэркваў і рэлігійных арганізацый. Іерарх звярнуў увагу на намаганні рэлігійнай супольнасці ў захаванні міру, адзінства і ўзаемаразумення паміж рознымі нацыянальнымі і рэлігійнымі супольнасцямі, якія імкнуцца ў міры атрымліваць асалоду ад суверэннасці і незалежнасці Украінскай дзяржавы.

Папа Францішак выказаў сваю салідарнасць і блізкасць да народа Украіны, яго пакутаў і небяспек, якія пагражаюць Украінскай дзяржаве ў апошні час. Асаблівую ўвагу Святы Айцец удзяліў тым выклікам, якія стаяць сёння перад Украінай і УГКЦ. Папа запэўніў архіепіскапа Святаслава Шаўчука, што Апостальская Сталіца зробіць усё для таго, каб зберагчы мір ва Усходняй Еўропе, не дапусціць ваеннага супрацьстаяння і небяспекі эскалацыі гвалту і кровапраліцця.

Архіепіскап у прыватнасці, адзначыў, што Украінская Грэка-Каталіцкая Царква на працягу гісторыі змагла выстаяць пераслед і засведчыць вернасць Хрысту дзякуючы адзінству і поўнаму саўдзелу з Пераемнікам апостала Пятра.

У сваю чаргу Святы Айцец запэўніў, што Украінская Грэка-Каталіцкая Царква ніколі не застанецца без гэтай апекі і падтрымкі з боку Святога Пасаду. Па завяршэнні сустрэчы Папа Францішак удзяліў іерарху і ўсяму украінскаму народу апостальскае благаслаўленне.

Акрамя таго, 17 сакавіка кіраўнік УГКЦ сустрэўся з кардыналам Пьетро Паролінам, Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці Папы.

Паводле  Дэпартаменту інфармацыі УГКЦ, (AYU) 
 
© 2003-2025 Catholic.by