Папа Францішак сустрэўся з Прэзідэнтам ЗША | Друк |
Святы Айцец
27.03.2014 17:34

27 сакавіка Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Прэзідэнта ЗША Барака Абаму. Палітык сустрэўся таксама з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам Пьетро Паралінам.

Святы Айцец і Прэзідэнт ЗША абмеркававалі тэмы, звязаныя з міжнароднай сітуацыяй, і выказалі пажаданне, каб на тэрыторыях, дзе адбываюцца канфлікты, захоўвалася павага да правоў чалавека і міжнароднага права, а праблемы вырашаліся шляхам перамоваў. Гаворачы пра двухбаковыя адносіны і супрацоўніцтва паміж Касцёлам і дзяржавай, суразмоўцы звярнулі ўвагу на асабліва важныя пытанні для Касцёла ў ЗША, звязаныя з правамі людзей на рэлігійную свабоду, жыццё і свабоду сумлення, а таксама з рэформай міграцыйнага заканадаўства.

Бакі выказаліся адносна неабходнасці супольных намаганняў, накіраваных на выкараненне феномену гандлю людзьмі ў свеце.

Барак Абама наведаў Ватыкан ужо ў другі раз, пасля візіту да Бэнэдыкта XVI у 2009 г. У складзе прэзідэнцкай дэлегацыі быў таксама Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 
© 2003-2025 Catholic.by