Папа павіншаваў новага кіраўніка Сірыйскай Праваслаўнай Царквы |
| Друк | |
Святы Айцец
|
05.04.2014 14:35 |
Пажаданні далейшага развіцця братэрскіх адносін паміж Каталіцкім Касцёлам і Сірыйскай Праваслаўнай Царквой выказаў Папа Францішак у віншавальнай тэлеграме на імя яе новага кіраўніка Патрыярха Ігнацыя Яфрэма II. Пантыфік адзначыў, што “свае найлепшыя пажаданні і малітоўную салідарнасць” перадае таксама духавенству і вернікам Сірыйскай Царквы, молячыся, каб “Дух Святы адарыў сваім багатым бласлаўленнем ганаровае служэнне” новага Патрыярха.
Папа пажадаў, каб новаабраны кіраўнік Царквы быў “духоўным айцом свайго народа і нястомным будаўніком супакою і справядлівасці, служачы агульнаму дабру і дабру ўсяго Блізкага Усходу ў сённяшніх цяжкіх умовах”. Святы Айцец падкрэсліў, што ўсе хрысціяне павінны даваць сведчанне любові і супольнасці”, памятаючы малітву Хрыста падчас Апошняй Вячэры аб адзінстве сваіх вызнаўцаў.
Пантыфік падзякаваў Усемагутнаму Богу за сувязь братэрства, якая існуе паміж Каталіцкім Касцёлам і Сірыйскай Праваслаўнай Царквой, і выказаў надзею, што сяброўства і дыялог паміж дзвюма Цэрквамі будуць паглыбляцца.
Ігнацый Яфрэм II быў абраны Патрыярхам Антыёхіі і ўсяго Усходу 31 сакавіка, стаўшы наступнікам Патрыярха Ігнацыя Закі І Іваса, які адышоў у вечнасць 21 сакавіка. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(AG)
|