Бяздомныя Рыма атрымалі велікодныя падарункі ад Святога Айца |
| Друк | |
Святы Айцец
|
21.04.2014 17:38 |
Бяздомныя Рыма атрымалі велікодныя падарункі ад Святога Айца Францішка. Іх перадаў Папскі элемазінарый арцыбіскуп Конрад Краеўскі.
18 красавіка ў час Крыжовага шляху ў рымскім Калізеі арцыбіскуп накіраваўся на цэнтральны рымскі чыгуначны вакзал “Тэрміні” і блізкія да яго вуліцы, дзе сустрэў каля сотні бедных і бяздомных, якім раздаў віншавальныя паштоўкі ад Папы. У кожную з іх было ўкладзена па 40-50 еўра.
Адрасаты велікоднага віншавання Пантыфіка не хавалі сваёй радасці, распавядалі, на што збіраюцца патраціць падараваныя грошы, дзяліліся сваімі цяжкасцямі: хтосьці хацеў набыць новы абутак, іншыя скардзіліся на моладзь, якая іх абражае, праязджаючы побач на аўтамабілях. Папа Францішак не першы раз віншуе рымскіх бяздомных са святамі: на Божае Нараджэнне ён перадаў ім білеты на грамадскі транспарт і тэлефонныя карткі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|