Папа Францішак накіраваў відэа-пасланне да аргентынскай моладзі | Друк |
Святы Айцец
30.04.2014 11:03
Аб значэнні, якое мае для кожнага сустрэча з Езусам, гаварыў Папа Францішак у сваім відэа-пасланні да ўдзельнікаў рэгіянальнай моладзевай сустрэчы, якая праходзіла ў Буэнас-Айрэсе напярэдадні кананізацыі Яна XXIII і Яна Паўла II. Папа ўзгадаў шэраг маладых людзей, вядомых са старонак Евангелля, якія ў розных абставінах і часе сустракалі на дарогах жыцця Езуса. Ён звярнуў увагу на тое, як гэта паўплывала на іх паводзіны. «Апосталы былі маладымі, не ўсе, але некаторыя так. Ян быў маладым чалавекам. Езус іх не пакінуў абыякавымі, напоўніў энтузіязмам. Яны былі поўныя захаплення, якое нараджаецца, калі нехта сустракае Езуса. Яны пабеглі распавесці сваім сябрам: «Мы сустрэлі Месію! Мы сустрэлі таго, аб кім кажуць прарокі».

Сустрэць Езуса! Паглядзіце, якімі былі апосталы: пазней аслабелі і не паводзілі сябе добра. Пётр адрокся ад Езуса, Юда здрадзіў Яму, іншыя збеглі. Менавіта, потым прыходзіць барацьба за тое, каб застацца верным сустрэчы з Езусам», — сказаў Святы Айцец і спытаўся ў маладых людзей: «Кім з’яўляешся ты? Энтузіястам, як у пачатку апосталы? Тым, хто хоча ісці за Езусам, але каго прываблівае шмат іншых рэчаў? Ці можа блудным сынам, які растраціў усю спадчыну свайго бацькі, але потым меў мужнасць вярнуцца і адчуць абдымкі міласэрнасці?».

Папа Францішак звярнуўся да дзяўчын: «Вы павінны заснаваць сваё жыццё на пяшчоце і вернасці. Ідзіце дарогай тых жанчын, якія ішлі следам за Езусам, і калі ўсё ішло выдатна, і калі было дрэнна. Вялікім скарбам жанчыны з’яўляецца тое, што яна можа даваць жыццё, дарыць цеплыню, спакой і радасць». Менавіта гэтага часта не хапае мужчынам, адзначыў Папа. «Вы — жанчыны Касцёла. Гэта ваша месца: быць Касцёлам, утвараць Касцёл, знаходзіцца побач з Езусам, дарыць пяшчоту, суправаджаць, дазваляць узрастаць», — сказаў Святы Айцец у сваім пасланні да аргентынскай моладзі.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (AYU)

 
© 2003-2025 Catholic.by